Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Другі дзень Усебеларускай сустрэчы моладзі: канферэнцыя на тэму Эўхарыстыі і евангелізацыі і круглыя сталы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.07.2013 16:11

Субота 27 ліпеня стала другім днём ІІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы. Раніцай моладзь прыняла ўдзел у канферэнцыі на тэму «Эўхарыстыя і евангелізацыя» і круглых сталах.

Канферэнцыю правялі Дайна і Георгій Спорге з Латвіі. Вось тэзісы з выступлення дакладчыкаў:

«Адарацыя — глыбокія і вельмі асабістыя адносіны з Богам, адарацыя — гэта само жыццё».

«Падчас адарацыі можна раскрыць перад Богам свае праблемы, бо Ён ведае іх лепш за нас».

«На адарацыі важна быць у цішыні. Адарацыя вучыць малітве, гэта своеасаблівая трэніроўка».

«Часта мы напачатку ставімся да Бога як спажыўцы: кажам пастаянна самі, выказваем Яму свае патрэбы, чагосьці просім. На наступнай ступені мы ўжо вучымся слухаць Яго».

«На адарацыі мы бачым вачыма толькі белы хлеб — гостыю, і толькі наша вера дапамагае нам убачыць у ёй Хрыста».

«Сёстры з ордэна Маці Тэрэзы кажуць, што калі б адняць у іх хоць паўгадзіны малітвы ў дзень, яны б не змаглі бачыць свайго бліжняга ў брудным і непрыемным чалавеку, які валяецца на вуліцы».

«З адарацыяй не параўнаецца ніякая добрая справа, бо мы праводзім гэты час з Езусам Хрыстом».

«На адарацыі мы ў цішыні пытаемся ў Бога, што нам рабіць, якая Яго воля ў адносінах да нас. Важна, каб мы зразумелі, чаго сапраўды хоча Бог».

«Можна праслаўляць Бога праз любую справу, калі стараемся выканаць яе самым лепшым чынам. Напрыклад, калі ты дворнік — няхай твае вуліцы будуць самымі чыстымі».

«Калі вы маладыя — любіце Езуса як свайго лепшага сябра. Калі вы ў шлюбе — любіце Яго больш, чым мужа ці жонку. Калі вы бабуля ці дзядуля — любіце Яго як свайго ўнука і яшчэ больш. Калі ж такой любові да Яго ў вас няма — шчыра прызнайцеся ў гэтым. Гэта не грэх, а толькі прызнанне праўды. Езус — самы пакорны, самы ціхі. Ён не прымусіць вас палюбіць Яго — але зірніце на крыж: Ён проста моўчкі цягнецца да вас».

«Калі б тут, у Івянцы, або ў іншай святыні мы ўбачылі Хрыста — Ён здаўся б нам такім цудоўным, што кожны з людзей думаў бы, як пабыць з Ім хоць паўхвіліны».

«У маім жыцці часта здараліся сітуацыі, калі я мог сесці ў турму або мяне маглі забіць. Але Бог кожны раз неяк выратоўваў мяне».

«Раней, прыходзячы на адарацыю, я не думаў пра Бога — у маёй галаве круціліся сотні думак. Тады я не разумеў, што Бог у кожным выпадку здзяйсняе ўва мне працу».

«Перад Богам нельга хаваць свае думкі — нават калі ў час адарацыі яны не пра Яго. Ён хоча бачыць нас такімі, якія мы ёсць. Яму важна наша адкрытае сэрца. Ён ачышчае нас, як брудную шклянку. Мы заўсёды некуды спяшаемся — Бог жа не спяшаецца, Ён здзяйсняе ў нас працу паволі».

«Падчас адарацыі, нават калі вашы думкі адыходзяць ад Бога, не бойцеся гэтага — проста час ад часу вяртайцеся думкамі да Яго».

Дакладчыкам падзякаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, пажадаўшы, каб гэтая канферэнцыя дапамагла ўдзельнікам сустрэчы моладзі ўбачыць Бога і жыць Ім.

Затым прайшлі круглыя сталы. Круглы стол на тэму «In vitro» правёў кс. Станіслаў Вашкевіч SAC, «Сексуальнае выхаванне моладзі» — Уладзіслаў Валаховіч, «Споведзь» — а. Андрэй Квяцінскі, «Сумненне ў веры» — кс. Павел Шчарбіцкі SDB, «Выклікі новай евангелізацыі» — а. Раман Шульц OP, «СМІ ў новай евангелізацыі» — кс. Юрый Санько.

Пасля заканчэння круглых сталоў моладзь разам з кс. Юрыем Санько падвяла іх вынікі.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.