Усебеларуская сустрэча моладзі завяршылася ў Івянцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.07.2013 11:54 |
Перад літургіяй былa паказана трансляцыя з XXVIII Сусветнага дня моладзі, які ў гэты дзень завяршаўся ў Рыа-дэ-Жанэйра і ў якім прыняў удзел папа Францішак. Дэвіз Сусветнага дня моладзі і Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы гучаў аднолькава: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Прысутныя ў Івянцы змаглі паназіраць за асноўнымі падзеямі міжнароднага форуму, што праходзіў у сталіцы Бразіліі. У Імшы ўдзельнічалі біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Таксама на ёй прысутнічалі рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па Беларусі і 27 ліпеня прыбылі ў Івянец. «У мінулыя дні падчас сустрэчы ў Івянцы мы маліліся ў розных інтэнцыях, маліліся ў прысутнасці рэліквій святой Тэрэзы з Лізьё, апякункі місій», — сказаў на пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр папрасіў усіх прысутных на гэтай літургіі маліцца таксама аб місіях у Беларусі і аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. «Наша краіна была ахрышчана многа стагоддзяў таму, але сёння патрабуе місіянерства, якое могуць здзейсніць новыя святары, новыя кансэкраваныя асобы, — адзначыў іерарх. «Галоўным заданнем Касцёла нашага часу з’яўляецца новая евангелізацыя з мэтай нанова адкрыць прыгажосць веры і вывесці чалавека з духоўнай пустыні, — падкрэсліў Мітрапаліт у гаміліі. — Тым больш што сёння нямала маладых людзей сумняваецца ў тым, што жыццё ёсць дабром, і не бачыць святла на сваім шляху». Моладзь Беларусі павінна, як дадаў арцыпастыр, «актыўна ўключыцца ў працэс новай евангелізацыі ў вельмі адказны час жыцця нашай краіны», бо «хрысціяне, асабліва маладыя, не павінны быць толькі праслойкай у культуры спажывецтва, самаапраўдання, камфорту, дастатку». «Езус Хрыстус прыйшоў, каб вярнуць страчаную з-за першароднага граху гармонію, каб змяніць свет і зрабіць яго больш чалавечым і адначасова боскім. Хрыстус і далей чыніць гэта праз людзей, чыніць праз нас», — заўважыў іерарх, звяртаючыся да моладзі. «Мы можам палепшыць жыццё іншых людзей, зрабіць яго больш адмысловым і шчаслівым, — адзначыў арцыбіскуп. — Дастаткова толькі любіць, каб змяніць жыццё іншага чалавека». «Сучасны свет павінен мець два мільёны місіянераў, бо столькі ў свеце ёсць хрысціян. Як хрысціяне мы павінны прыцягваць іншых, падобна таму як ружа сваёй прыгажосцю прыцягвае позірк, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Мы не павінны быць католікамі мяккіх і выгодных крэслаў, якія замест хрысціянскага сведчання нясуць антысведчанне». Мітрапаліт паведаміў, што ў лістападзе гэтага года ў Назарэце пройдзе Міжнародны дзень веры пад дэвізам «Прымі прапанаваную веру — прапануй іншым прынятую». «Гэта азначае, што атрыманым ад Бога дарам веры неабходна дзяліцца з іншымі. Таму, дарагія браты і сёстры, асабліва моладзь, адкажыце на Божы заклік словамі прарока Ісаі – вось я, пашлі мяне», — заахвоціў арцыпастыр. Напрыканцы Імшы адбылося ўрачыстае развітанне ўдзельнікаў Усебеларускай сустрэчы моладзі з рэліквіямі святой Тэрэзы, якія працягнуць перэгрынацыю па парафіях Беларусі. На заканчэнне Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто спрыяў правядзенню сёлетняй сустрэчы, у тым ліку ўладам, духавенству, гасцям сустрэчы, івянецкім парафіянам, а таксама яе ўдзельнікам. Іерарх згадаў і пра тое, што на днях у івянецкай кабылы Марты, добра вядомай многім, хто прыбывае сюды на сустрэчы моладзі, нарадзілася жарабя. Быў праведзены конкурс па выбары яго імені, у якім маглі ўдзельнічаць усе жадаючыя. Камісія, падлічыўшы галасы, прыйшла да высновы, што імя жарабя будзе Тэзік Марцінавіч Івянецкі. Арцыпастыр нагадаў, што напрыканцы Сусветнага дня моладзі, які завяршаецца ў Бразіліі, Папа аб'явіць месца правядзення наступнага міжнароднага моладзевага форуму. Мітрапаліт выказаў надзею, што ён адбудзецца бліжэй да Беларусі, каб больш беларускіх вернікаў змаглі прыняць у ім удзел. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |