Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Міжканфесійная малітва за Беларусь: аб’яднаныя разам у імя лёсу Айчыны
Беларусь
12.04.2016 23:24

З нагоды гадавіны распачацця малітоўнай акцыі «Няспынная малітва за Беларусь» 12 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла міжканфесійная малітва за Беларусь.

У малітоўнай акцыі прынялі ўдзел каталіцкія, праваслаўныя, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі, якія самі ўдзельнічаюць у кругласутачнай малітве за Беларусь.

Удзельнікі розных узростаў і прафесій, розных інтарэсаў і месца жыхарства прыбылі ў архікатэдральны касцёл, каб разам маліцца за сваю Айчыну.

Міжканфесійнай малітве папярэднічала святая Імша з нагоды аднаўлення 25-годдзя каталіцкіх структур у Беларусі. Звяртаючыся да вернікаў падчас Эўхарыстыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў важную ролю няспыннай малітвы за Беларусь.

«Касцёл не з гэтага свету, але ён у ім і ён дапамагае ў духоўнай фармацыі грамадства, — заўважыў іерарх. — Мы дзякуем ініцыятарам акцыі няспыннай малітвы за Беларусь і яе ўдзельнікам (у цэлым у малітве прымаюць удзел каля 150 чалавек), якія выдаткоўваюць час на малітву за Беларусь і ўдзень, і ўначы. Хрыстус выразна кажа, што без Яго мы нічога не ўчынім. Таму няхай ніколі нашых вуснаў не пакідае малітва за Касцёл і за нашу Бацькаўшчыну».

Да няспыннай малітвы за Беларусь год таму, а таксама на працягу ўсяго года далучыліся і працягваюць далучацца хрысціяне розных канфесій. Іх прадстаўнікі чыталі малітоўныя разважанні падчас малітоўнай акцыі.

Чытайце таксама:

Кожны чалавек і кожны народ — частка вялікай гісторыі збаўлення

Далікатная скрыпка, барочныя лютні і спевы гурта «Laudans» аздобілі малітоўныя разважанні, якія былі падрыхтаваны паводле кнігі св. Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць», дзе аўтар разважае над паняццямі народу, патрыятызму і Айчыны.

«Евангелле надало новае значэнне паняццю айчыны. Айчына ў сваім першапачатковым сэнсе азначае тое, што мы атрымалі ў спадчыну ад нашых зямных бацькаў і маці. Вотчына, якую мы абавязаны Хрысту, скіроўвае тое, што належыць да спадчыны людскіх айчын і людскіх культур, у бок вечнай айчыны», — пісаў сучасны святы.

Разам з разважаннем пра народ, падчас малітвы былі прыгаданы наступныя словы св. Яна Паўла ІІ: «Гісторыя ўсіх народаў нясе ў сабе заклік перайсці ў гісторыю збаўлення, бо Хрыстус прыйшоў у свет, каб прынесці збаўленне ўсім людзям».

Пасля ўдзельнікі малітвы прасілі Бога аб тым, каб «кожны беларус усвядоміў, што гісторыя яго ўласнага жыцця, яго сям’і і народа — гэта частка вялікай гісторыі збаўлення чалавецтва, частка гісторыі перамогі годнасці і праўды над ілжывасцю граху», гісторыя, за якую ён адказны перад Створцам.

Напрыканцы малітвы ўдзельнікі ўзяліся за рукі і ў знак малітоўнай еднасці ў інтэнцыі сваёй Айчыны маліліся Хрыстовай малітвай «Ойча наш».

Аксана Ючкавіч, фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.