Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: каталіцкі епіскапат Беларусі рыхтуе пагадненне з дзяржавай
Беларусь
26.05.2017 13:53

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі рыхтуе пагадненне, якое плануе падпісаць з дзяржавай. На майскім пленарным пасяджэнні «біскупы выказаліся за неабходнасць юрыдычнага ўрэгулявання адносін паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дзяржавай для больш эфектыўнага супрацоўніцтва дзеля духоўнага дабра беларускага народа».

Аб гэтым можна было прачытаць у афіцыйным паведамленні пасля пасяджэння ККББ.

На працягу некалькіх апошніх гадоў у Беларусі на розных узроўнях абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. Як вынікае з камуніката, Канферэнцыя Біскупаў хоча прапанаваць са свайго боку іншы дакумент, які, на яе думку, урэгулюе адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, напрыклад, у сферах медыцыны, адукацыі, культуры, — пракаментаваў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пагадненне можа стаць унікальным. Мітрапаліт Кандрусевіч не змог узгадаць ніводнай іншай краіны, дзе такога роду адносіны рэгуляваліся б дамовай паміж мясцовым Касцёлам і дзяржавай, звычайна гэта канкардат або іншае пагадненне, касцёльны бок у якім прадстаўляе Святы Пасад.

«Выклікі часу такія, што трэба духоўна акармляць і вязняў, і хворых у шпіталях, школа таксама тое месца, дзе павінен прысутнічаць Касцёл. А калі няма такой дамовы, часта наша прыстунасць залежыць ад канкрэтнага чалавека: ці пусціць ён нас да вязня, ці дазволіць цэлебраваць св. Імшу ў шпіталі... І гэта трэба замацаваць правам. Таму мы распрацоўваем такое пагадненне», — патлумачыў іерарх.

Прыклад такога дакумента ў Беларусі ўжо ёсць: ён быў падпісаны 15 гадоў таму паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой і стаў базай для больш вузкіх дамоў — з канкрэтнымі міністэрствамі і ведамствамі.

Гэтую ж стратэгію ўзяў пад увагу і Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Калі ініцыятыва будзе рэалізавана, пагадненне паміж Касцёлам у Беларусі і дзяржавай стане новым штуршком і ў адносінах, і ў працы, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Гэта не азначае, што не будуць далей весціся працы па падрыхтоўцы пагаднення паміж Святым Пасадам і Беларуссю, двума суб’ектамі міжнароднага права. І калі такое пагадненне будзе падпісана, той дакумент, які мы рыхтуем зараз, страціць сілу, бо неабходнасць у ім адпадзе», — патлумачыў іерарх юрыдычныя тонкасці.

Менавіта зацягнуты працэс падрыхтоўкі ватыканска-беларускага пагаднення і падштурхнуў да распрацоўкі дамовы паміж мясцовым Касцёлам і дзяржавай. Ідэя таксама ўжо была агучана ў Апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій, прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Мы шмат разоў чулі: чаму ў вас няма такой дамовы? І я асабіста размаўляў з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, і яны адкрытыя на гэта. Бо гэта ўжо працуе ў Праваслаўнай Царкве. Гэта базавае пагадненне, некалькі старонак. Некаторыя моманты былі ўзяты з існуючага дакумента, бо калі глядзець і на іншыя пагадненні Беларускай Праваслаўнай Царквы з установамі, гэта вельмі вялікая праца. А ў нас пакуль — гэта база, прынцыпы», — сказаў іерарх.
    
На апошнім пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў дакумент былі ўнесены некаторыя папраўкі, каб у бліжэйшы час прадставіць на ўзроўні Святога Пасаду, дзе і вырашыцца далейшы лёс пагаднення.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.