Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з сітуацыяй у Курапатах
Беларусь
25.02.2017 11:23

«Наша Бацькаўшчына — Беларусь — перажывае складаныя часы. Няпростая эканамічная і сацыяльна-палітычная сітуацыя ўзмацнілася новымі выклікамі.

Яшчэ свежыя ў памяці неабгрунтаваныя пратэсты ў справе будаўніцтва новага касцёла ў Котаўцы, якія зэлектрызавалі грамадскасць. Потым узнікла праблема падатку для т.зв. «дармаедаў». За ёй, як снежная лавіна, пачала выходзіць з-пад кантролю і пагражаць экскалацыяй сацыяльнай напружанасці сітуацыя з будаўніцтвам бізнес-цэнтра побач з урочышчам Курапаты, дзе справа даходзіць нават да боек.

У кожнай праблеме трэба шукаць першасную прычыну.

Чэрпаючы звесткі толькі са сродкаў масавай інфармацыі, вельмі цяжка ацаніць рэальную сітуацыю з распачатым будаўніцтвам бізнес-цэнтра на тэрыторыі, якая да 2014 г. была ахоўнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю: «Месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».

Трэба падкрэсліць, што складаная сітуацыя, якая склалася сёння, ніколі б не ўзнікла, калі б пасля адкрыцця парэшткаў жорстка забітых у Курапатах людзей былі зроблены адпаведныя даследаванні і была канкрэтна абазначана тэрыторыя пахаванняў.

Курапаты — гэта Галгота ХХ стагоддзя нашага народа. На Галгоце стаяў крыж Хрыста, як знак збаўлення і паяднання. Тысячы людзей кожны дзень ідуць туды, каб паразважаць над сваім збаўленнем, паяднацца з Богам і паміж сабой.

Таксама і Курапаты, як наша Галгота, павінны стаць нацыянальным Мемарыяльным комплексам у памяць пра нявінна загінулых, служыць месцам ачышчэння памяці, малітвы і паяднання, а таксама месцам фармацыі маладога пакалення на прынцыпах любові да бліжняга, каб ніколі больш чалавек на падымаў руку адзін на аднаго.

Мы павінны памятаць сваю гісторыю, якой бы складанай яна ні была. Не для таго, каб раздзіраць зарубцаваныя раны і пасыпаць іх соллю, а каб захаваць сябе ад падобных няшчасцяў у будучыні і будаваць цывілізацыю жыцця, любові і міру. Могілкі — гэта святое месца, якое неабходна паважаць. На іх мы молімся аб вечным супакоі там пахаваных. Учынім жа ўсё магчымае, каб іх не трывожыць.

Заклікаю прадстаўнікоў улады Мінска, Міністэрства культуры, забудоўшчыкаў, мясцовых жыхароў і абаронцаў Курапатаў пры ўдзеле прадстаўнікоў розных веравызнанняў і юрыстаў у адкрытым і шчырым дыялогу, а не праз эмоцыі, шукаць прымальнага ўсімі вырашэння ў гэтай узніклай і хвалюючай наша грамадства праблеме.

Звяртаюся таксама да дзяржаўнай улады, свету культуры, грамадскіх арганізацый і розных веравызнанняў для сумеснага абмеркавання будучыні ўрочышча Курапаты.

Няхай Бог благаславіць намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі   

Мінск, 25 лютага 2017 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь

26.06 11:25Беларускія іерархі прынялі ўдзел у беатыфікацыйнай урачыстасці арцыбіскупа Матулёніса
24.06 20:12Арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці ўручылі ордэн Францішка Скарыны
23.06 12:3025 чэрвеня — беатыфікацыя біскупа Тэафілюса Матулёніса
23.06 11:35Дзённік перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай (Засвір)
22.06 11:03Да Марыі ў Будслаў: стартавалі першыя пілігрымкі — з Ліды і Баранавіч
22.06 10:41Куды пайсці вучыцца? Правілы паступлення ў каталіцкія семінарыі і каледжы Беларусі (абноўлена)
14.06 16:34Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля распачынае прыём дакументаў на 2017/2018 гг.
14.06 13:35«Каталіцкі пілігрым» працягвае запіс у пілігрымку ў Фаціму з нагоды 100-годдзя марыйных аб’яўленняў
12.06 13:06Паўлін а. Ануфрый Альховік цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў мінскім Чырвоным касцёле
07.06 09:50#Маяпершаякамунія: 5 гісторый ад чытачоў Catholic.by (частка ІІ)