Выстава дзіцячай творчасці адкрыла фестываль «Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.12.2013 17:55

Выставай дзіцячай творчасці 20 снежня ў Віцебску пачаўся фестываль “Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску”.

У абласным мастацкім музеі маленькіх мастакоў прывітала дырэктар музея Вольга Акуневіч. У горадзе Шагала і Малевіча, Рэпіна і Хруцкага, Явіча і Гумена традыцыяй стала праводзіць калядную выставу лепшых дзіцячых прац у сценах буйнейшага і знакамітага ў вобласці музея.

Імпрэза пачалася са спеваў каляднай песні “Святы вечар”. На выставу разам з дзецьмі прыйшлі таты і мамы, бабулі і дзядулі, настаўнікі і выхавацелі, а таксама пробашч катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага кс. Адам Дынак. Святар распавёў дзецям фрагмент Евангелля аб Божым Нараджэнні і падкрэсліў, што сваімі каляднымі працамі, зробленымі з любоўю, маленькія мастакі таксама абвяшчаюць людзям Добрую Навіну.

У выставе прымае ўдзел больш за 20 дзіцячых аб’яднанняў. Дырэктар гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Бальшакова падзякавала маленькім творцам і настаўнікам за прыгожы падарунак, створаны да святаў Божага Нараджэння.

Фестываль “Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску” завершыцца 6 студзеня. Праграма фестываля тут>>>

Барбара Сіпайла

 
© 2003-2024 Catholic.by