Мітрапаліт Кандрусевіч скіраваў адкрыты ліст міністру аховы здароўя Беларусі | Друк |
Іерархі
23.12.2016 11:56

22 снежня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў адкрыты ліст на імя міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко. У ім старшыня каталіцкага епіскапату выказвае непакой і крытыку адносна Праекта нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі.

У адкрытым лісце Мітрапаліт Кандрусевіч прадстаўляе пазіцыю Касцёла адносна этыкі, якая «ўстанаўлівае і ацэньвае нормы паводзінаў чалавека з пункту гледжання іх маральнасці», і перасцерагае перад капіраваннем «заганнага і небяспечнага заходняга досведу».

Адкрыты ліст на беларускай і рускай мовах >>>

«Мы прыходзім да парадоксу, што ва ўмовах свабоды веравызнання, якое гарантуе Канстытуцыя, у тым ліку і медыкам, прапануюцца нормы, якія супярэчаць асноўнаму заканадаўству, шматвекавой традыцыі верацярпімасці і талерантнасці нашага народа», — адзначае арцыбіскуп.

Дадзены праект, як сцвярджае Мітрапаліт, «можа прывесці да напружанасці на рэлігійным фоне, распачаць прыгнёт асобаў, якія вызнаюць шматвекавыя духоўныя каштоўнасці, закладзеныя ў аснову нашай культуры і ідэнтычнасці, і паўсюдна выражаюцца ў рэлігійных сімвалах».

Старшыня каталіцкага епіскапату лічыць, што ў Праекце нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі «не дастаткова адлюстраваны маральныя прынцыпы, якімі павінны кіравацца медыцынскія працаўнікі, а таксама парушаны правы веруючых і таму ён патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі».

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by