Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Католікі і праваслаўныя — гэта не супернікі, а супрацоўнікі» | Друк |
Іерархі
26.05.2016 17:07

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 26 мая прыняў удзел у адкрыцці ў Мінску Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў «Хрысціянскія каштоўнасці ў культурнай традыцыі Усходу і Захаду — гісторыя і сучаснасць».

Мерапрыемства арганізавана «Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя святых Мятода і Кірыла», Інстытутам тэалогіі імя свв. Мятода і Кірыла, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва і Мінскай духоўнай акадэміяй.

Першым на адкрыцці чытанняў выступіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ва ўступным слове Мітрапаліт Павел адзначыў, што хрысціянства не толькі з'яўляецца здаровым грунтам у душах новых пакаленняў людзей, але таксама што «хрысціянскія каштоўнасці ляжаць у грунце культуры Захаду і Усходу».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся на праблематыцы хрысціянскага адзінства еўрапейскіх народаў і секулярызацыі сучасных грамадстваў.

«Хрысціянства з’яўляецца асноватворным прынцыпам адзінства Старога кантынента», — сказаў беларускі каталіцкі іерарх у сваім выступленні.

Поўны тэкст слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча>>>

«Гістарычна так склалася, што ў Еўропе і свеце ўжо многія стагоддзі поруч існуюць заходняе і ўсходняе хрысціянства. Прычынай гэтага былі розныя хрысціянскія традыцыі і, канешне ж, раздзяленні. Гэта гісторыя як заходняга, так і ўсходняга хрысціянства. Іх з лёгкай рукі рускага паэта і мысляра Вячаслава Іванова, які заяўляў аб неабходнасці для хрысціянства дыхаць двума лёгкімі — заходнім і ўсходнім — называюць двума духоўнымі лёгкімі Еўропы», — распавёў Мітрапаліт дзясяткам удзельнікаў канферэнцыі, якая праходзіць у будынку праваслаўнай Мінскай духоўнай акадэміі.


Таму ў хрысціянскіх колах усё больш пашыраецца перакананне ў неабходнасці для праваслаўных і католікаў сумесна стаць у абарону традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе, якая рызыкуе страціць сваю шматвекавую хрысціянскую ідэнтычнасць, адзначыў іерарх.

«Католікі і праваслаўныя — гэта не супернікі, а супрацоўнікі на ніве абвяшчэння Евангелля і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама выступілі з кароткімі прамовамі паслы краін Еўропы ў Беларусі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады і кіраўнікі беларускіх ВНУ.

Аляксандр Гелагаеў

 
© 2003-2024 Catholic.by