Пошук

03.05.2024 17:05   Тэкст: Галіна Івуць / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

4 мая ў Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін Турынскай плашчаніцы, устаноўлены 25 красавіка 1506 года Папам Юліем ІІ.

Пра гісторыю плашчаніцы і яе копію ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены апавядаецца на сайце часопіса «Ave Maria».

Святая Плашчаніца называецца Турынскаю, паколькі вось ужо больш за чатырыста гадоў яна захоўваецца ў катэдры святога Яна Хрысціцеля ў італьянскім горадзе Турыне. Мільёны хрысціянаў лічаць, што ў гэтае палатно бло перад пахаваннем захінута цела знятага з крыжа Езуса Хрыста, і на ім таямнічым чынам праявілася Яго выява.

У касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску знаходзіцца поўнамаштабная копія Турынскай плашчаніцы, якую лічаць сведкаю мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста, а таксама часам назвыюць «пятым Евангеллем», напісаным не пяром і атрамантам, а крывёю самога Збаўцы.

Плашчаніца лічыцца рэліквіяй хрысціянамі розных канфесій. Гэта простае ільняное палатно 4,36 м у даўжыню і 1,1 м у шырыню, вагою каля 2,45 кг. На ім бачныя два адбіткі чалавечага цела ў позе, характэрнай для пахавальных абрадаў: адзін — з боку твару, а другі — са спіны. Па ўсёй даўжыні выявы цела ёсць плямы крыві карычнева-чырвонага колеру. Сляды моцнага крывацёку засталіся ад запясцяў і ступняў, акрамя таго, відаць рану на правым баку адбітку, што дакладна супадае з апісаннем ранаў, нанесеных Хрысту падчас укрыжавання. На палатне таксама бачныя сляды крыві на галаве і на твары, што адпавядае біблійнаму апісанню ўкаранавання цярновым вянком і бічавання перад укрыжаваннем.

Фота: Wikimedia commons

Плашчаніца захоўвае і сляды двух пажараў: на тканіне засталіся ромбападобныя падцёкі вады, што трапіла на палатно падчас тушэння пажару, а таксама падпаліны-трохкутнікі ад кропляў расплаўленага срэбра, якім было аблямавана месца захавання Плашчаніцы. Пазней палатно было адноўлена сёстрамі законнымі.

Яскравым момантам у гісторыі Турынскай плашчаніцы з’яўляецца адкрыццё, зробленае ў 1898 годзе фатографам аматарам, якому было дазволена зрабіць фатаграфіі Плашчаніцы, выстаўленай на ўсеагульны агляд з нагоды юбілею захавання рэліквіі ў Турыне. На негатывах праступілі яскравыя абрысы постаці, якія азначалі, што на тканіне Плашчаніцы захаваны негатыўны малюнак, а пазітыўны можна атрымаць, сфатаграфаваўшы яе. І, наадварот, сляды крыві на Плашчаніцы, якія на тканіне выглядалі цёмнымі, на фатаграфіях сталі белымі. З таго часу Турынскую плашчаніцу пачалі даследаваць вучоныя.

У 1981 годзе на сустрэчы ў Нью-Лондане (ЗША) навукоўцы паведамілі, што на валокнах няма ні пігменту, ні фарбы, ні фарбавальнікаў. Гэта пацвердзіла, што выява нерукатворная.

Даследаванні з дапамогаю рэнтгена і мікрахімічнага аналізу выключылі магчымасць выкарыстання на палатне фарбуючага рэчыва. Эксперыменты з ультрафіялетавым і інфрачырвоным выпраменьваннем пацвердзілі выснову феномена ўваскрасення Езуса Хрыста.

На падставе гэтых даследаванняў большасць навукоўцаў лічыць, што характар выявы сведчыць пра наяўнасць радыяцыйнага апёку, які быў выкліканы святлом, пры гэтым павялічылася канцэнтрацыя радыёактыўных ізатопаў, і ў выніку тканіна «памаладзела» ў параўнанні з яе сапраўдным узростам. Узнікла тэорыя аб тым, што ў момант уваскрасення Хрыста адбыўся беспрэцэдэнтны феномен: магчыма, гэта была кароткачасовая ўспышка святла з цела Хрыста, якая суправаджала Яго вяртанне да жыцця і акуратна выпаліла, адбіла Яго вобраз на Плашчаніцы. Такія гіпотэзы аспрэчваюць просты лабараторны разлік, у выніку якога тканіна была датаваная часамі сярэднявечча. Гэта асабліва важна, паколькі радыёвугляроднае датаванне — гэта адзіны аналіз, які аспрэчваецца ў цяперашні час.

Копія плашчаніцы ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску. Фота: ave-maria.by

Копія Турынскай плашчаніцы захоўваецца ў касцёле святога Сымона і святой Алены з 3 мая 2002 года. Яна была перададзена з Турына ў Беларусь як сімвал сяброўства, місіі міра. За гэты час яна стала адной з важных рэліквій нашай краіны, якая ўдзельнічае ў розных хрысціянскіх святах, крыжовых і святочных шэсцях.

У 2004 годзе ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком была перакладзена на рускую мову і выдадзена кніга прафесара Эмануэлы Марынэллі «Саван — Туринская плащаница». Аддаць пашану і памаліцца перад копіяй Плашчаніцы можна было штодзённа ў касцёле cвятога Сымона і cвятой Алены ў Мінску.

У 1506 годзе Папа Юлій II абвясціў дзень 4 мая святам Плашчаніцы. Кожны год у гэты дзень хрысціяне ў сваіх святынях малітоўна яднаюцца з усімі вернікамі свету і духоўна пакланяюцца святой рэліквіі. Турынская плашчаніца адкрывалася ў разгорнутым выглядзе для ўшанавання раз на 25–30 гадоў. Выключэннем стаў юбілейны год хрысціянства (2000 год) і 2011 год, калі Турын наведваў Папа Бэнэдыкт XVI. Дарэчы, у тым жа годзе шмат пілігрымаў з Беларусі наведала Турын разам з праваслаўным Мітрапалітам Філарэтам. Калі рэліквія будзе ізноў адкрыта для пакланення — дакладна невядома, але практыкуецца адкрываць плашчаніцу праз інтэрнэт-трансляцыю.

Да мінскай копіі Турынскай плашчаніцы можна было дакрануцца і аддаць ёй пашану штогод, кожны дзень. На вялікі жаль, у сувязі з закрыццём касцёла, цяпер гэта стала немагчымым.

Плашчаніца — гэта маўклівая сведка Божай Любові. Прысутнасць на беларускай зямлі яе копіі мае вялікае значэнне для духоўнага жыцця не толькі хрысціянаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій, але і ўсяго культурнага і грамадскага жыцця Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа