Пошук

15.04.2024 10:33   Паводле: Таццяна Шумель, Алена Каралькова / Фота: Эрык Савянок / Pio.by / Catholic.by

У суботу 13 красавіка ў касцёле святога Піо парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе нясуць служэнне Меншыя Браты Капуцыны, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату прыняў брат Павел Кузьміч OFMCap.

Удзяліў пасвячэннне Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Як адзначаецца на парафіяльным сайце Pio.by, падтрымаць брата Паўла малітвай і падзякаваць Богу за яго пакліканне на ўрачыстасць прыехалі капуцыны з усёй Беларусі і з-за мяжы — з Італіі, Літвы і Польшчы, а таксама сябры, блізкія, родныя і парафіяне. Ва ўрачыстасці пасвячэння ўзяў удзел Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

На пачатку ўрачыстасці брат Алег Шэнда OFMCap, кусташ Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, звярнуў увагу на тое, што пасвячэнне адбываецца ў суботу другога Велікоднага тыдня, калі ў памяці яшчэ вельмі жывыя перажыванні, звязаныя з Хрыстовым Уваскрашэннем і з падзеямі, якія яму папярэднічалі: «Тое, што сёння нас збірае тут разам, асаблівым чынам звязвае нас з Вялікім чацвяргом — днём, у які былі ўстаноўлены Эўхарыстыя і святарства. Узрушальным момантам таго чацвярга з’яўляецца момант абмывання ног: акурат ён прыгадвае нам пра ахвярную любоў на карысць іншага чалавека.

Гэты шлях ахвярнай любові пацвярджаецца рашэннем, якое прыняў наш брат Павел. Ён мае сваю гісторыю з падзеямі, узлётамі і цяжкімі момантамі, якая з’яўляецца перадгісторыяй да той будучыні, што чакае яго ў жыцці», — сказаў брат кусташ.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Касабуцкі. Іерарх заўважыў, што пасвячэнне — адзін з асаблівых цудаў, які Пан Бог здзяйсняе на нашай зямлі. «Святар — чалавек, які дакранаецца да іншай рэчаіснасці, да найвышэйшай святасці, да самога Бога і які сам павінен жыць гэтай святасцю, гэтую святасць даваць іншым людзям і весці іх да яе», — падкрэсліў біскуп.

Ён дадаў, што ў гэты дзень радасць напаўняе сэрцы: «радасць за ўвесь Каталіцкі Касцёл, радасць за наш лакальны Касцёл; радасць, якую мы падзяляем з Ордэнам Меншых Братоў Капуцынаў, бо яшчэ на аднаго святара будзе больш».

Біскуп звярнуўся да кандыдата ў прэзбітэры, брата Паўла:

«Мы чакаем вашыя далоні, мы чакаем вашыя вусны, мы чакаем вашую асобу, бо кожны святар — гэта той працаўнік на ніве Божай, які нясе Хрыста, які дзеліцца Хрыстом, які сам выступае як другі Хрыстус». Іерарх заахвоціў вернікаў да малітвы ў інтэнцыі брата Паўла аб яго будучым святарстве, каб ён быў сапраўдным вобразам Хрыста і каб сведчыў пра Яго ўсім тым людзям, якіх сустрэне на сваім святарскім шляху. Біскуп Касабуцкі падзякаваў усім, хто прыехаў з розных куткоў нашай краіны і з замежжа, хто далучыўся анлайн, каб быць разам на гэтай супольнай малітве.

Разважаючы ў гаміліі над сакрамэнтам пасвячэння, іерарх закрануў гістарычны аспект, узгадаўшы таямнічую постаць Мэльхізэдэка — святара сапраўднага Бога, які ўзгадваецца ў Старым Запавеце.

«У тыя часы святар быў пасярэднікам паміж Богам і чалавекам, ад імя людзей складаў ахвяры Богу і звяртаўся да Яго з рознымі просьбамі і малітвамі, перапрашаў за ўчыненыя грахі. Дзякуючы служэнню святара як пасярэдніка людзі атрымоўвалі дары і ласкі. Пазней у Старым Запавеце сфармаваўся інстытут святарства, устаноўлены самім Богам, з выразна акрэсленымі абавязкамі і рысамі: выключнае служэнне Богу і пэўны стыль жыцця чалавека, яго маральнасць і сведчанне для іншых, чыстасць і беззаганнасць у момант выканання святарскай функцыі, аддзеленнасць пакалення левітаў ад супольнасці. Хрыстус стаў святаром Новага Запавету, бо Ён прынёс сам сябе ў ахвяру.

Сучасны святар — гэта ўжо не той пасярэднік паміж Богам і людзьмі, а другі Хрыстус: сам Хрыстус выкарыстоўвае пэўнага чалавека, яго вусны для прапаведвання Божага Слова і далоні для благаслаўлення. Важны аспект святарскага служэння заключаецца ў тым, каб прапаведванне Божага слова было звязана са сведчаннем асабістага жыцця святара», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.

Ён узгадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які, разважаючы над таямніцаю святарства, назваў яго «дарам і таямніцай».

«Святарства — гэта дар, атрыманы братам Паўлам ад Пана Бога, дзе вялікую ролю мае яго сям’я: мама і тата, а таксама асяроддзе ў якім мы жывем», — зазначыў іерарх, падзякаваўшы бацькам Паўла Кузьміча за адкрытасць на яго пакліканне. Ён дадаў, што святарства — гэта таксама таямніца, якую складана зразумець, бо праз святарскія далоні і вусны дзейнічае сам Езус Хрыстус.

«На слова святара здзяйсняецца найбольшы цуд: на алтары падчас кожнай святой Імшы хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Езуса Хрыста, аднаўляецца ахвяра Хрыста за нашае збаўленне; прабачаюцца правіны, абмываецца і ачышчаецца душа, хвораму даецца моц у выпрабаванні і палёгка ў цярпеннях, ласка для пераходу ў Божае Валадарства. Святар заўсёды патрэбны, бо ён указвае людзям шлях да збаўлення. Гэта радасць усяго сусветнага Касцёла», — сцвердзіў іерарх.

Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў брату Паўлу, каб на святарскім шляху моцна трымаў Хрыста за руку; каб малітва да Хрыста стала неад’емнай часткай яго жыцця і «каналам» дароў ад Бога; каб ён аддаваў атрыманныя дары, Божую любоў і радасць веры іншым людзям; каб не шкадаваў благаслаўлення і дарыў людзям усмешку, нават калі цяжка; каб перад брамаю Божага Валадарства ўбачыў велізарныя натоўпы людзей, якія дзякуючы яго паслузе прыйшлі да Бога — і тады радасць яго будзе поўнай.

Напрыканцы Імшы новапасвечаны святар выказаў словы падзякі не толькі біскупу.

Калі брат Павел пачаў вiтаць i агучваць спic гасцей, што прыбылі на свята, стала зразумела, што тут няма выпадковых: кожны звязаны з пэўным этапам фармавання асобы брата Паўла — ад нараджэння, дзяцiнства, ад часу манаскай фармацыі і далейшай вучобы ў Польшчы і Італіі да часу вяртання на Беларусь.

Завяршылася ўрачыстасць працэсiяй, якая расцягнулася ад самага алтара да парога касцёла. Акрамя братоў капуцынаў тут было шмат іншых святароў, міністрантаў, семінарыстаў, звязаных пэўным чынам з цэнтральнай асобай гэтага дня — братам Паўлам Кузьмічом.

Абноўлена 15.04.2024 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця