Пошук

09.03.2023 14:36   Тэкст: Кацярына Савянок / Фота: Ірына Фаміна, Эрык Савянок, Вікторыя Гулецкая / Відэа: Эрык Савянок, Цімафей Савянок / pio.by

4 сакавіка вернікі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне разам са сваімі душпастырамі — меншымі братамі капуцынамі — адзначылі ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна супольнасці.

Як паведамляецца на старонцы парафіі святога Казіміра ў Маладзечне Рio.by, падзяліць радасць парафіяльнага святкавання яны запрасілі ўраджэнца Маладзечна, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, дэкана Маладзечанскага ксяндза прэлата каноніка Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, кусташа Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брата Сяргея Мацюшонка OFMCap, святароў, братоў капуцынаў, сясцёр законных і вернікаў з суседніх парафій.

Спецыяльна да свята, а таксама з нагоды 20-й гадавіны з часу атрымання дазволу на будаўніцтва касцёла, што ўзвышаецца на Вялікім Гасцінцы — цэнтральнай гарадской магістралі «горада сонца» — парафіяльная тэатральная група падрыхтавала гістарычна-тэатралізаваную імпрэзу пад назвай «Страчаная спадчына. Надзея. Вера. Любоў», якая была прадстаўлена ўвазе гледачоў увечары перад святой Імшой.

Аўтары і артысты запрасілі прысутных у своеасаблівую пілігрымку, падарожжа ў часе па родных мясцінах.

Перад вачыма гледачоў у непарыўнай сувязі прайшлі эпохі, лёсы людзей і святынь ад паганскіх часоў аж да цяперашняга часу, калі была створана сучасная парафія.

Сюжэтная лінія, гістарычная інфармацыя, мастацкія прыёмы маляўніча і змястоўна распавялі пра гістарычныя падзеі, а таксама пра тое, як чалавечую гісторыю накіроўваюць пошукі Бога, як уплывае на будучыню кожны жыццёвы выбар.

У прадстаўленні была звернута ўвага і на тое, якую вялікую жыццядайную моц мае шчырая малітва і як яна неабходна кожнай душы.

«Маліцеся за мяне!» — гэты заклік аднаго з герояў спектакля, Францішка Скарыны, нагадвае, наколькі важна тых, хто жыў перад намі, мець не толькі ў памяці, але і памятаць у малітве.

Пасля спектакля біскуп Касабуцкі прызнаўся, што яго вельмі ўразіла прадстаўленне, і падзякаваў таленавітым парафіянам.

Пры гэтым ён адзначыў, што такая імпрэза «можа прамаўляць лепш, чым многія пропаведзі».

Іерарх заахвоціў іншых людзей, якія таксама маюць таленты, не саромецца і не хавацца, але далучацца да ўдзелу ў такой форме апостальства свецкіх дзеля большай хвалы Божай.

«А святы Казімір кожнага ў гэтым няхай благаслаўляе», — пажадаў біскуп Касабуцкі, які пасля гэтага ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

У прамоўленай на ёй гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што мае значэнне не толькі пабудаваная з цэглы святыня, але што вялікую каштоўнасць уяўляе сабой святыня чалавечага сэрца.

«Бо гэта святыні чалавечых сэрцаў ажыўляюць і асвячаюць збудаваную святыню», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што святы Казімір за сваё кароткае, усяго 24-гадовае жыццё змог стварыць са свайго сэрца святыню і дасягнуць Божага Валадарства. Па прыкладу святога апекуна маладой маладзечанскай парафіі і з яго дапамогай іерарх заахвоціў вернікаў «адкрываць сваё сэрца на іншага чалавека, быць чулымі да патрэбаў бліжняга, які патрабуе падтрымкі, увагі. Можа гэта старэйшы чалавек, які патрабуе, каб хтосьці яго выслухаў і пабыў побач», — заўважыў біскуп.

Гаворачы пра адданасць святога Казіміра малітве, ён адзначыў, што «малітва за чалавека прыносіць плён і таму, за каго моляцца, і таму, хто моліцца». Ён падзяліўся сведчаннем адной жанчыны, удзельніцы руху «Маці ў малітве», якая страціла свайго сына ў маладым узросце. Сын быў хваравіты, і маці прысвяціла яго Маці Божай Будслаўскай, штодня малілася за яго. Для яе стала пэўным суцяшэннем, знакам апекі Маці Божай, знакам Божай волі і Божай любові тое, што яе сын адышоў з гэтага свету 2 ліпеня, у дзень успаміну Маці Божай Будслаўскай.

Біскуп Касабуцкі адзначыў яшчэ адну рысу святога Казіміра — давер да Бога.

«Даверыць Богу — гэта значыць аддаць у Яго рукі. Мы хочам вучыцца давяраць Богу нашыя справы і тады, калі ўсё лёгка і добра, і тады, калі ёсць цяжкасці і праблемы. Калі Пан Бог штосьці задумаў, яно споўніцца», — сцвердзіў іерарх.

Абноўлена 09.03.2023 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа