Пошук

23.04.2021 14:30   Паводле: ave-maria.by

Красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны ўрачыстасці Уваскрасення Збаўцы. Як на працягу Вялікага посту вернікі разважалі над мукай Збаўцы, праходзячы Яго Крыжовым шляхам, так цяпер рэдакцыя запрашае прайсці стацыямі Дарогі святла з дапамогаю прапанаваных разважанняў.

Сталая рубрыка «Школа малітвы» з айцом Юрыем Кулаем OCD дапаможа глыбей асэнсаваць значэнне Уваскрасення Хрыста, а разам з ксяндзом Андрэем Рылкам у рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» чытачы запрошаны паразважаць, пра што нельга забывацца ў падрыхтоўцы да Пасхі.

Артыкул «Разнастайная Пасха» распавядае аб незвычайных традыцыях святкавання ўрачыстасці.

У размове з Тэрэсай Клімовіч айцец езуіт Віктар Жук SI дзеліцца сваім досведам аб тым, як жыць Уваскрасеннем не толькі ў пасхальныя святы. Кожная нядзеля на працягу ўсяго літургічнага году — напамін аб Хрыстовым Уваскрасенні. Пра тое, як сапраўды зрабіць нядзелю гэтым напамінам, разважае аўтар часопіса Арцём Ткачук.

2021 год абвешчаны Апостальскай Сталіцай Годам святога Юзафа, і ў гэтым нумары часопіса «Ave Maria» друкуецца Дэкрэт біскупа Казіміра Велікасельца аб умовах атрымання поўнага адпусту. Гэты год прысвечаны больш глыбокаму разважанню пра хрысціянскае бацькоўства. Чарговы матэрыял з гэтай серыі — інтэрв’ю з сямейным псіхолагам Ірынай Шмак «Ролі мужчыны і жанчыны ў бацькоўстве».

Сёлета вернікі Беларусі адзначаюць таксама 30-годдзе адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. У гэтым нумары «Ave Maria» рэдакцыя дзеліцца незвычайнай гісторыяй адраджэння святыні ў Старынках з дапамогаю найкаштоўнейшага сведчання — дзённіка Станіславы Новік. Яе вачыма чытачы ўбачаць, як разгортваліся падзеі і як амаль паўвека доўжылася барацьба вяскоўцаў за сваю святыню і яе рэліквію — старажытную фігурку Езуса.

Гэты пасхальны месяц багаты на радасныя падзеі: разам з вернікамі калектыў рэдакцыі шчыра віншуе з 30-годдзем біскупскага пасвячэння і з 45-годдзем святарства біскупа Аляксандра Кашкевіча; з 55-годдзем — ксяндза Ігара Лашука, пробашча парафіі ў Стоўбцах; а ксёндз Алойзы Шулік з Даўгінава адзначае ажно тры гадавіны — 65 гадоў жыцця, 25 гадоў пастырскай дзейнасці на Беларусі і 20-годдзе служэння ў парафіі.

Калектыў рэдакцыі шчыра дзякуе за лісты і водгукі! У гэтым нумары часопіса друкуюцца пасхальныя вершы з «Паэтычнай пошты» і артыкул чытачкі Вольгі Заянчкоўскай, бібліятэкаркі з Астраўца, якая дзеліцца сваімі уражаннямі ад важнай падзеі — імпрэзы, прысвечанай памяці ксяндза Казіміра Сваяка.

Калектыў рэдакцыі «Ave Maria» запрашае пісаць ім, дзяліцца сваімі думкамі. А таксама часцей зазіраць на сайт ave-maria.by і падпісвацца на іх старонкі ў сацыяльных сетках, дзе кожны дзень з’яўляюцца новыя цікавыя матэрыялы.

Абноўлена 23.04.2021 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця