Беларусь - Віцебская дыяцэзія

Акт аддання Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валарцы Азёраў

О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасцю.

Пад Тваёй апекай і кіраўніцтвам мы хочам выконваць усё, што ў нашых сілах, каб на нашай зямлі было Валадарства Хрыста. Мы жадаем, каб Хрыстус пасяліўся ў нашых сэрцах, нашых сем’ях, парафіях, ва ўсёй краіне.

Просім Цябе, о Маці Браслаўская, ахоўвай нас ад няшчасцяў. Дапамажы, каб сужэнствы нашы былі святыя, каб не было ў нас нянавісці, а толькі братняя любоў, каб моладзь наша гарнулася да Бога, а дзеці нашы былі нявіннымі.

О Марыя, наша Валадарка, дай ласку святасці для нашых маці, а для нашых бацькаў — ласку трывання ў веры. Дай нам святых пастыраў. Атуляй апекай тых, хто імкнецца ісці за Божым заклікам.

Захавай Святога Айца Бэнэдыкта XVI, дапамажы, каб усе мы сталі ўласнасцю Тваёй і Твайго Сына, нашага Пана Езуса Хрыста. Амэн.

 
© 2003-2024 Catholic.by