З прывітальнага слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Марціна Відавіча | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2009 16:59
22 жніўня 2009 г. на заканчэнне святой Імшы з укаранаваннем абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў да ўсіх прысутных з прывітальным словам звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч: «Сваім прывітаннем я ахопліваю як духавенства і вернікаў рымскага альбо лацінскага абраду, так духавенства і вернікаў візантыйскага альбо грэцкага абраду, якія разам складаюць адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл у гэтай дарагой сэрцу і прыгожай краіне, якой імя — Беларусь».

Іерарх шчыра прывітаў біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, генеральнага настаяцеля Таварыства Боскага Збаўцы кс. Анджэя Урбанскага SDS, прадстаўнікоў свецкай улады і дыпламатычных місій. «Братэрскае прывітанне» ад Апостальскага Нунцыя атрымалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі.

«Запэўніваю ўсіх у малітоўнай блізкасці Святога Айца Бэнэдыкта XVI і яго незупыннай любові да Касцёла ў Беларусі і ўсіх жыхароў гэтай любімай краіны. На доказ гэтай любові і блізкасці гэты ж Найвышэйшы Пантыфік ласкава дазволіў, каб цудатворны вобраз Насвяцейшай Дзевы Марыі, які ўшаноўваецца ў гэтым дыяцэзіяльным санктуарыі, сёння быў каранаваны ад яго імя і яго аўтарытэтам», — прамовіў арцыбіскуп Марцін Відавіч.

«Святы Айцец і яго дыпламатычны прадстаўнік у Рэспубліке Беларусь заўсёды з вамі, раздзяляючы вашыя радасці і вашыя надзеі, вашыя смуткі і вашыя перажыванні», — працягваў Апостальскі Нунцый.

Звяртаючыся да ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці, іерарх пажадаў ёй адважна ісці наперад: «Абапірайце, мае дарагія, вашую надзею на Хрысце, які кліча вас сведчыць братам, каб свет паверыў (Ян 17, 21). У гэтым заданні няхай бесперастанку за вас заступаецца Найсвяцейшая Дзева Марыя, Маці Збаўцы чалавека і Маці Касцёла, якая цудоўным чынам удзельнічае ў паўсюдным хвалебным Валадарстве Хрыста і з’яўляеца ўзорам для кожнага хрысціяніна і знакам надзеі».

 
© 2003-2024 Catholic.by