У Браславе распачаліся ўрачыстасці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2009 02:19
Святой Імшой а 18 гадзіне распачаліся ўрачыстасці з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Напачатку літургіі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін прывітаў прысутных іерархаў каталіцкага Касцёла — біскупа Яніса Буліса з Латвіі і Дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янку, а таксама пілігрымаў, моладзь, якая падчас літургіі атрымала сакрамэнт канфірмацыі, мясцовых жыхароў і гасцей гэтага жывапіснага беларускага мястэчка.

«Сёння мы хочам паказаць, што ўсе католікі — Божыя дзеці. І, хоць мы молімся на розных мовах, аднак, з’яўляемся братамі і сётрамі. Мы ўвесь год чакалі гэтай хвіліны, каб Дух Святы сышоў на нас, — адзначыў біскуп Уладзіслаў Блін. — Пра нас памятаюць святары з Канады, ЗША, Італіі, Англіі і Францыі. З сямнадцаці краінаў свету прыехалі да нас на свята. Але галоўнае, што пра нас памятае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI».

Пасля прывітальных словаў біскупа Віцебскага на лацінскай і беларускай мовах быў зачытаны Дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі аб магчымасці атрымання поўнага адпусту ў дзень урачыстаці.

Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Яніс Буліс, біскупы ўдзялілі сакрамэнт канфірмацыі маладым людзям з Браслава і навакольных парафій. Сакрамэнт духоўнай сталасці атрымалі больш за 100 вернікаў.

Падчас гаміліі латышскі іерарх казаў аб праблемах сучаснага свету, якія з’яўляюцца вялікай перашкодай для маладых людзей жыць згодна з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Таму, як адзначыў кардынал, трэба памятаць, што толькі з Хрыстом мы можам перамагчы іх, можам змяніць свет і зрабіць яго лепшым.

«Ад нас усіх, асабліва ад моладзі, Бог чакае адвагі ў абароне веры, праўды і хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб у паўсядзённым жыцці заставацца сведкамі веры. Гэтага чакае ад вас Бог і Яго Маці. Будзьце моцнымі ў веры!», — заклікаў біскуп Буліс.

Пасля літургіі распачалося начное чуванне пад дэвізам «Сустрэча культур каля Маці Божай».

Святлана Бурлевіч
 
 
 
 
  
 
  
 
 
 
 
 
 
  
 
 
 
 
  
 
 
 
Фота кс. А. Амяльчэні



 
© 2003-2024 Catholic.by