Біскуп Буткевіч падчас рэзурэкцыі: у нашым свеце трэба быць моцна перакананымі ў існаванні Уваскрослага Збаўцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.04.2017 11:40

Абвяшчэннем радаснай весткі аб уваскрасенні Хрыста распачалася ўрачыстая Эўхарыстычная літургія ў велікодную раніцу 16 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на постацях апосталаў і іх веры. Кажучы аб уваскрасенні Хрыста і пра Яго пустую магілу, біскуп адзначыў, што ад Хрыста апосталы атрымалі заданне абвяшчаць Евангелле, а «моц гэтага прапаведавання бярэ свой пачатак з гэтага моманту». «Нездарма Касцёл, да якога мы належым, называем апостальскім, бо наша вера ва ўваскрослага Езуса Хрыста грунтуецца на сведчаннях, а перадусім на веры і перакананні апосталаў»,— адзначыў іерарх і падкрэсліў, што іх паводзіны і перакананні — гэта «сведчанні праўдзівасці таго моманту».

Біскуп Віцебскі нагадаў, што першапачаткова апосталы былі бадай што самымі вялікімі скептыкамі адносна далейшага развіцця падзей пасля затрымання Езуса. Іерарх прыгадаў і момант размовы вучняў, якія, ідучы ў Эмаўс, выказвалі спадзяванне, што Езус павінен быў вызваліць з палітычнай няволі Ізраэль. «Апосталы павінны былі пераканацца, што Езус сапраўды жыве. Тое, што яны перажылі сустрэчу з Уваскрослым, было рэальнасцю», — адзначыў іерарх. Таксама біскуп Віцебскі адзначыў, што апосталы, за выключэннем святога апостала Яна, зведалі мучаніцкую смерць — «так глыбока яны былі перакананы ў праўдзівасці ўваскрасення Езуса Хрыста».

Біскуп Віцебскі адзначыў, што гэтая падзея «дала пачатак новаму духоўнаму космасу ў гісторыі чалавека», і ён «фармуе жыццё чалавека, калі мы імкнёмся на гэтай праўдзе будаваць свае жыццё».

«Сёння мы жывём у свеце вельмі непрыхільным да навучання Езуса Хрыста, і таму мы павінны быць вельмі моцна перакананыя ў праўдзівасці не толькі навучання Езуса Хрыста, але і ў рэчаіснасці Яго існавання як уваскрослага Збаўцы. Таму сёння мы патрабуем узмацнення гэтай веры, і таму нам так патрэбна малітва — асабістая сувязь з Богам. Калі мы паглядзім вачыма веры на нашае жыццё, знойдзем шмат момантаў, у якіх можам адчуць дзеянне Езуса Хрыста ў нашым жыцці. Гэта важны аргумент для нас. Гэта тое, што здзяйсняецца не дзесьці там, але ў нашым сэрцы, у нашым жыцці. Гэта вельмі каштоўны досвед, які ўмацоўвае нашу веру і вядзе да глыбокай сувязі з Богам. А яе кульмінацыяй з’яўляецца вось гэты момант паядняння з Хрыстом у Эўхарыстыі», — адзначыў біскуп Віцебскі.

Напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў, каб гэты дзень стаў «момантам нашай перамены», «а прыклад апосталаў няхай дапаможа нам у гэтым сучасным свеце стаць сведкамі той вялікай праўды, якая здзейснілася ў Езусе Хрысце і якая таксама чакае нас, бо Яго ўваскрасенне — гэта правобраз нашага ўваскрашэння і калісьці жыцця з Ім у Валадарстве нашага Нябеснага Айца».

Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by