«Як любіць Хрыста і несці дабро ў свет?»: у Оршы сустрэліся дзеці і моладзь з усяго дэканату | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.02.2017 10:47

У парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы прайшла сустрэча дзяцей і моладзі Аршанскага дэканату. Цэнтральным пунктам сустрэчы стала святая Імша.

Пробашч парафіі кс. Валерый Орсік засяродзіў увагу на любові да Пана Бога:

«Любіць Пана Бога — азначае пазнаваць Яго. Ці мы ўвогуле молімся? Калі так — то, ці молімся за сябе? Незабыўныя інтэнцыі ў якіх мы павінныя маліцца — носім на сваіх руках… Не забывайма ж малітву папы Францішка — Малітву пяці пальцаў…»

Пасля Імшы падчас перапынка на гарбату моладзь мела магчымасць пазнаёміцца бліжэй. Кожны расказваў пра сябе і свае хобі. Таксама была прэзентавана душпастырская дзейнасць парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы.

Ксёндз Уладзімір Шымковіч з Дуброўна правёў тэматычную канферэнцыю. Паводле яго слоў, усе сабраныя на сустрэчы моладзі — вучні Хрыста: «Сённяшняя сустрэча — гэта школа Хрыста, дзе мы вучымся, як павінны любіць Хрыста і несці дабро ў свет».

Як адзначыў кс. Уладзімір, прыклады навяртання і гісторыі мучаніцтва першых хрысціян дапамагаюць яшчэ больш зразумець патрэбу вернасці Богу.

Напрыканцы сустрэчы кожны яе ўдзельнік атрымаў Ружанец. А хатнім заданнем для дзяўчат і хлопцаў сталі наступныя словы святара: «Дазволь Богу любіць цябе! Бог любіць цябе сёння. Калі хочаш сказаць Богу, што таксама Яго любіш, зрабі штосьці добрае».

Наступная сустрэча дзяцей і моладзі Аршанскага дэканату запланавана ў Талачыне.


(VO), (IL), фота з архіва кс. Валерыя Орсіка

 
© 2003-2024 Catholic.by