Імша і працэсія ў Браславе ўначы: «Чалавек вольны толькі тады, калі яго выбар накіраваны на Пана» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.08.2016 10:37

Цэнтральным пунктам урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе стала начная працэсія святароў і вернікаў на чале з біскупамі па вуліцах горада.

Несучы ў працэсіі запаленыя свечкі, удзельнікі маліліся на ружанцы, шматразова паўтараючы: «Святая Марыя, маліся за нас».



Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, вітаючы сабраных на начной Імшы, адзначыў, што «запаленыя свечкі ўначы – нібы знак нашай веры, святло якой дапамагае нам абраць правільны накірунак у нашым жыцці». Між іншым, на гэтай Эўхарыстыі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі прывітаў яшчэ адну пілігрымку – з парафіі ў Пагошчы, удзельнікі якой выйшлі ў Браслаў увечары і прыбылі да мэты свайго пілігрымавання каля дзясятай гадзіны.



Узначаліў святую Імшу дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі, разважаючы аб справе збаўлення чалавека, іерарх адзначыў, што звычайна праўдай мы лічым тое, што адпавядае фактам. «Але праўда – гэта не толькі адпаведнасць фактам, але найперш адпаведнасць мэце і планам Бога. Праўда толькі ў Езусе Хрысце, з Хрыстом і для Хрыста», – падкрэсліў пастыр.



Звяртаючы ўвагу на постаць Найсвяцейшай Панны Марыі, іерарх нагадаў, што Ева ў раі хацела выбіраць, быць вольнай. Марыя ж, якая таксама магла выбіраць, зрабіла толькі такі выбар: «Вось я, Слуга Пана». «І гэта праўда аб чалавечай свабодзе», – падкрэсліў біскуп, дадаўшы: «Чалавек вольны толькі тады, калі яго выбар накіраваны на Пана Бога».



Напрыканцы гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў прысутных сказаць сваё «так» Богу і быць Ягоным слугой, наследуючы прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кацярына Лаўрыненка
Фота Ірыны Гайдамовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by