250-годдзе заснавання святыні і адпустовую ўрачыстасць адзначылі ў Лучаі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
26.07.2016 00:25

23 ліпеня ў парафіі Св. Юды Тадэвуша ў Лучаі адзначалася 250-годдзе заснавання святыні і адпустовая ўрачыстасць святой Ганны. На свяце сабраліся шматлікія вернікі, госці, артысты. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Мураваны будынак касцёла быў закладзены ў 1766 на месцы былой драўлянай святыні і з’яўляецца апошнім езуіцкім касцёлам на нашых землях. Храм пабудаваны італьянскім архітэктарам Карло Спампані ў стылі пераходным ад барока да класіцызму, на сродкі ўладальнікаў Лучая Агінскіх.

Пачалося святкаванне з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні на тэму Эўхарыстыі і адарацыйныя спевы ў выкананні моладзі пад гітарны акампанемент сталі падрыхтоўкай да святой Імшы.

Упершыню ў лучайскую парафію завіталі дудары, якія аздобілі пачатак святой Імшы музыкай на старажытным беларускім музычным інструменце.

Па запрашэнні пробашча кс. Мікалая Ліпскага на ўрачыстасці прыбылі ксёндз дэкан Павел Самсонаў з Дунілавіч, ксёндз Павел Кнурэк з Лынтуп, ксёндз Міхаіл Бубен з Маладзечна, ксёндз Ежы Ноцунь з Барадзенічаў, ксёндз Міхаіл Татарэнка з Лужкоў, з Чаду (Афрыка) прыбыў на сваю малую радзіму ксёндз прэлат Аляксандр Рагіня, каб паўдзельнічаць у святкаванні юбілейнай даты святыні, у якой ён узрастаў у веры. Прысутнічалі таксама дыякан Аляксей Паплёўка, семінарысты Алег Зямчонак з Парыжа і Алег Хмылка з Лынтуп.



Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB закрануў тэму гісторыі будаўніцтва святыняў, узгадаў пра Арку Запавету і пра першы храм у гісторыі чалавецтва. Іерарх падкрэсліў важнасць будавання храмаў, «бо ў святыні жыве Бог і там чалавек сустракаецца з Богам».

Парафіяльны хор з Глыбокага ўпрыгожыў спевам літургію ў суправаджэнні лучайскага аргана з двухсотгадовай гісторыяй. Падарункам з нагоды юбілею святыні стаў верш «Малітва за Лучай» семінарыста Алега Зямчонка, які аўтар прачытаў прысутным.

Імша завяршылася працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні. Таксама адбылося асвячэнне перадапошняй фігуры апостала Барталамея са скульптурнай кампазіцыі на прыкасцёльнай тэрыторыі. З нагоды ўспаміну святога Крыштафа — апекуна ўсіх падарожных — адбылося асвячэнне аўтатранспартных сродкаў.

Працягам святкавання юбілейнай даты стаў канцэрт. Святочная праграма, насычаная рознымі выканаўцамі ў шматлікіх жанрах і плынях, працягвалася да поўначы. Вядучымі канцэрту былі дыктар радыё Таццяна Якушава і спявачка Валянціна Альшанская. У яго межах выступілі як вядомыя зоркі — Лявон Вольскі і Павел Аракелян, Андрусь Такінданг і гурт «Рэха», Дзмітрый Корсак і Андрэй Жукоўскі, — так і моладзь з наваколля, а таксама самабытныя музыкі, напрыклад, Часлаў Рачыцкі з шаркаўшчынскай парафіі.



У выкананні шоў «Дзісар» адбылося вогненнае прадстаўленне. Канцэрт завяршыўся супольным выкананнем лучайскага гімна. Таксама з нагоды гістарычнай даты прагрымеў лучайскі салют у 250 залпаў.

Напрыканцы свята вядучая Валянціна Альшанская запрасіла на сцэну «чалавека з вялікай літары» — пробашча кс. Мікалая Ліпскага, каб падзякаваць за несамавітае свята і за тую вялікую працу, якая вядзецца ў парафіі. Між іншым, пробашч запрасіў прысутных на Свята ведаў, якое адбудзецца 21 жніўня, каб супольна памаліцца перад пачаткам новага навучальнага года.

Паводле catholicnews.by

(AG)

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2024 Catholic.by