У Віцебску пачала дзейнічаць пятая каталіцкая парафія | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.02.2016 12:17

Віцебск налічвае сёння каля 400 тыс. жыхароў. Да рэвалюцыі, калі горад быў нашмат меншы, тут было восем касцёлаў, сёння функцыянуюць чатыры.

З аднаго боку, гэта дастаткова для той колькасці католікаў, якія тут пражываюць. З іншага, вернікі часта вымушаны пераадольваць значныя адлегласці, каб патрапіць на святую Імшу. За апошнія восем гадоў паўстала група мікрараёнаў пад назвай Білева, дзе ў цяперашні час пражывае больш за 40 тыс. чалавек.

Мікрараён пастаянна расце. Католікі з Білева мусяць дабірацца 6 кіламетраў і больш да бліжэйшага касцёла. У сувязі з такой сітуацыяй былы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін у 2008 г. заснаваў пятую каталіцкую парафію ў горадзе – Святога Уладзіслава, да якой належаць мікрараёны Білева і прылеглыя мясцовасці. Быў прызначаны святар з задачай арганізацыі парафіі і будаўніцтва святыні. Дазвол на будаўніцтва касцёла не быў дадзены, таму праз кароткі час прызначаны святар быў вызвалены. Некалькі гадоў католікі з Білева ўдзельнічалі ў святых Імшах у розных касцёлах горада.

У 2015 г. гарадскія ўлады змянілі пазіцыю па гэтым пытанні. Новы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зноў прызначыў святара, даверыўшы яму нанова арганізаваць супольнасць вернікаў і прыкласці намаганні, звязаныя з будаўніцтвам. 20 снежня 2015 г. у парафіі адбылася першая Імша, у якой прынялі ўдзел 32 чалавекі. Паколькі парафія яшчэ не мае ўласнага касцёла, было арэндавана памяшканне ў офісным будынку па вуліцы генерала Іваноўскага, 5. У пакоі плошчай 48,5 квадратных метра штодзень цэлебруецца святая Імша: у нядзелю – у 10.00, па буднях – у 18.30. Цяпер, калі гэтая «капліца» існуе менш чым месяцы, у нядзельнай Імшы ўдзельнічае ад 40 да 50 чалавек. Памяшканне прыстасавана для літургіі. Тут сціплае, але дастатковае абсталяванне. «Капліца» знаходзіцца на трэцім паверсе і акружана офісамі розных кампаній, пад ёю знаходзіцца пакой для фітнесу, а над ёю – аўташкола.



Людзі, якія прыходзяць на Імшу, – найперш маладыя, пераважная большасць маладых сем’яў, некаторыя з якіх шматдзетныя. Парафія мае даволі шмат дзяцей, для якіх з пачатку лютага пачалася рэгулярная катэхізацыя. У ёй удзельнічае дзесяць чалавек. Праводзіцца катэхеза для дарослых. Парафіяне вельмі зацікаўлены стварэннем новай уласнай супольнасці. Удзельнічаючы ў розных справах, яны хочуць дапамагаць і з нецярпеннем чакаюць касцёла ў Білеве.

Парафіянка Святлана дзеліцца: «Мы ўпэўнены, што з Божай дапамогай, малітвай і вернікамі пабудуецца яшчэ адна новая святыня ў Беларусі. Усіх католікаў і іх сем’і, што пражываюць у мікрараёне Білева, шчыра запрашаем далучыцца да нашай парафіяльнай супольнасці!»



Уладамі была прапанавана тэрыторыя для будаўніцтва касцёла. Цяпер патрэбна дакументацыя для афіцыйнага вылучэння зямлі на будаўніцтва. Вернікі маюць надзею, што ўзвядзенне святыні пачнецца ўжо ў гэтым годзе.

Паводле catholicnews.by

(AG)

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2024 Catholic.by