«Умілаваныя парафіяне...»: святар з Браслава падрыхтаваў для парафіян «ліст пробашча» на Вялікі пост | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.02.2016 11:35

Пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе кс. Станіслаў Мжыглуд SDS скіраваў адмысловы зварот на Вялікі пост да сваіх  парафіян.

«Я хацеў напісаць пару слоў, каб заахвоціць людзей да больш плённага перажывання Вялікага посту, — адзначыў у каментарыі Catholic.by святар. — Пробашчам я стаў нядаўна, таму такі ліст пішу ўпершыню, але ў далейшым буду рабіць гэта часцей».



У «лісце пробашча», змешчаным на парафіяльным сайце, кс. Станіслаў нагадаў пра ўчынкі міласэрнасці ў перыяд Вялікага посту, заклікаючы парафіян далучыцца да дабрачынных акцый і карыстацца «пабожнымі духоўнымі практыкаваннямі».

«Запрашаю ўстрымацца ці адмовіцца ад алкаголю, бо традыцыйна на Вялікі пост прымаем розныя пастановы і адрачэнні. Можам гэтыя нашы адрачэнні паказаць, запісаўшы іх у парафіяльную кнігу цвярозасці. Гэта важнае сведчанне, што жыццё без алкаголю можа быць радасным і поўным», — адзначае пробашч.

Звяртаючыся да вернікаў, святар нагадаў і пра Брамы Міласэрнасці ў Браслаўскім санктуарыі, заахвочваючы парафіян плённа перажыць Год Міласэрнасці:
«Парафія, да якой належыш — гэта асаблівае месца ў Годзе Міласэрнасці, бо тут знаходзіцца адна з Брамаў Міласэрнасці ў нашай дыяцэзіі, — піша пробашч. — Заахвочваю цябе, брат і сястра, падчас Вялікага посту скарыстацца з гэтай вялікай ласкі і прыйсці да Міласэрнага Айца, які чакае Цябе!»

Усіх вернікаў святар заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі парафіі.
 
«У Польшчы практыка “лістоў ад пробашча” ўжо існуе, у Беларусі гэта з’ява хутчэй новая, — адзначае кс. Станіслаў Мжыглуд SDS. — Але радуе рэакцыя парафіян, якія заходзяць на сайт і чытаюць мой зварот да іх».

Ілья Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by