У Віцебскай абласной клінічнай бальніцы прайшла сустрэча медыкаў са святарамі дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.02.2016 11:09

11 лютага ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы традыцыйна прайшла сустрэча медыкаў са святарамі дыяцэзіі, прысвечаная Сусветнаму дню хворых. У канферэнц-зале сабраліся ўрачы, медыцынскія сёстры шматлікіх адзяленняў буйнейшага ў вобласці шпіталя.

Сустрэцца з медыкамі прыбылі канцлер Віцебскай курыі кс. Адам Дынак і вікарый парафіі Святога Антонія ў Віцебску айцец Станіслаў Памыкала SJ.

Намеснік галоўнага ўрача Станіслаў Агрызка адзначыў, што з’явілася добрая традыцыя разам адзначаць Дзень хворых, і перадаў слова пастыру.

У гаміліі айцец Станіслаў Памыкала адзначыў неабходнасць міласэрнасці і духоўнасці ў адносінах “урач-хворы”, “урач-урач”, “урач і блізкія хворага”. “Праца медыкаў з церпячымі, хворымі і асобамі з абмежаванымі магчымасцямі падобная да малітвы, да размовы з Панам Богам”, - сказаў святар і нагадаў пры гэтым словы Евангелля паводле Мацвея (25, 40): “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.

Айцец Станіслаў Памыкала падзякаваў медыкам за самаадданую працу на карысць хворых і абяцаў малітву ў інтэнцыі калектыву шпіталя.

Людміла Ярмолава

 
© 2003-2024 Catholic.by