Пералік касцёлаў Віцебскай дыяцэзіі, у якіх у Юбілейны Год адчыняць Брамы Міласэрнасці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
09.12.2015 11:17

Дэкрэтам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў Віцебскай дыяцэзіі ўстаноўлены касцёлы, у якіх будуць адчынены ў Юбілейны Год Брамы Міласэрнасці.

Згодна з дэкрэтам Віцебскага ардынарыя Брамы Міласэрнасці ў дыяцэзіі будуць адчынены ў катэдральным касцёле парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, а таксама ў касцёле парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе (дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў).

«Булай “Misericordiae Vultus” з 11 красавіка 2015 г. Святы Айцец Францішак абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які распачнецца 8 снежня 2015 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а скончыцца 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

У дзень інаўгурацыі Святога Года Папа Францішак адчыніць у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Святыя Дзверы, якія стануцца Брамай Міласэрнасці, дзе кожны, хто будзе ўваходзіць праз яе, зможа спазнаць любоў Бога, які суцяшае, прабачае і дае надзею (Misericordie Vultus 3). Затым 13 снежня 2015 г., у ІІІ Нядзелю Адвэнту, будуць адчынены Святыя Дзверы ў наступных папскіх базыліках і ва ўсіх мясцовых Касцёлах.

Вернікі змогуць у гэтым Святым Годзе перажыць і атрымаць адпуст, здзяйсняючы пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры і ў вызначаных дыяцэзіяльным біскупам касцёлах, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме. Гэты момант павінен быць злучаны з сакрамэнтам паяднання і поўным удзелам у святой Імшы, а таксама з роздумам над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў, вернікі павінны будуць затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты, якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Папу, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях.

Папа Францішак прызнаў таксама магчымасць атрымаць адпуст паводле стану сэрца асобам хворым, у вязніцах і кожнаму, хто асабіста спаўняе справу міласэрнасці. Юбілейны адпуст можна будзе атрымаць таксама для памерлых (пар. Misericordiae Vultus)», — гаворыцца ў дэкрэце біскупа Віцебскага.

«Звяртаюся да душпастыраў, якія служаць у гэтых касцёлах, каб з дапамогай святароў з суседніх парафій і дэканатаў забяспечылі па меры магчымасці пастаянны доступ да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб як мага большая лічба вернікаў магла атрымаць ласку міласэрнасці і індульгенцыю (адпуст). На час трывання Юбілею Міласэрнасці ўсе святары маюць права адпускаць грэх аборту, вызваляючы праз ужыванне адпаведнай формулы з кары экскамунікі», — дадаецца ў дэкрэце.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by