Сустрэча «Кожны талент ад Бога», прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, прайшла пры віцебскай катэдры | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
01.12.2015 12:28

29 лістапада ў культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася чарговая сустрэча «Кожны талент ад Бога» з удзелам прадстаўнікоў культурных устаноў і творчых суполак горада.

Сустрэча прайшла ў межах святкавання 85-й гадавіны з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча і засведчыла трывалую цікавасць жыхароў Віцебска да творчасці знакамітага земляка.

Сустрэча пачалася, як заўсёды, з прывітальнага слова пробашча парафіі кс. Адама Дынака, які адзначыў важнасць падобных імпрэзаў як неад’емных складнікаў духоўнага выхавання людзей. Затым перад прысутнымі выступілі шматлікія госці. Пісьменнік Франц Сіўко распавёў пра велізарную значнасць творчасці Караткевіча ў справе ўзрастання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Настаўніца Наталля Плешчанка прадэкламавала некалькі вершаў Уладзіміра Сямёнавіча. Ад імя тых, хто сёння актыўна працуе ў літаратуры, выступіў празаік, вядомы перакладчык з нямецкай мовы Арцём Арашонак. Завяршылі літаратурную частку сустрэчы паэты Мікола Намеснікаў і Галіна Главацкая.

Насычанай была і музычная частка мерапрыемства. Парадаваў слухачоў выкананнем твораў класікі малады скрыпач, навучэнец Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага Мірон Галецкі, якога прадставіла выкладчыца навучальнай установы Наталля Драздова. Не пакінулі прысутных абыякавымі і майстры гітары Уладзімір Бярэзін і Сяргей Каробкін.

З захапленнем прынялі ўдзельнікі сустрэчы спевы пад уласны акампанемент ардынарыя дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча. Іерарх прызнаўся ў асаблівай прыхільнасці да твора Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і зазначыў, што сустрэчы такога кшталту адпавядаюць мэтам Касцёла, бо спрыяюць духоўнаму ўзрастанню вернікаў, а таксама развіццю і ўдасканаленню іх эстэтычнага густу.

Анатоль Бандарчук-Вошлаў   

 
© 2003-2024 Catholic.by