У Браславе сёстры эўхарысткі разам з моладдзю адзначылі ўспамін благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
28.01.2015 12:02
27 студзеня ва ўспамін благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак, моладзь сабралася ў капліцы сясцёр у Браславе на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой прысутныя разважалі над думкамі і словамі благаслаўлёнага.
Пасля малітвы адбылася святая Імша. Ксёндз Тадэвуш Дабравольскі нагадаў пра значнасць гэтай асобы для прысутных і пра асаблівую біскупскую апеку над парафіяй, растлумачыўшы гэта тым, што тэрыторыя браслаўскай парафіі ў той час адносілася да дыяцэзіі, дзе служыў біскуп Юрый Матулевіч.

Наступным момантам святкавання стала запрашэнне на піццу, якую для моладзі прыгатавалі сёстры эўхарысткі. Скончылася святкаванне вясёлымі і гучнымі гульнямі.

Сёстры, якія працуюць у Браславе, адзначылі, што яны давяраюць апецы благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча ўсю парафію, а асабліва яе маладых людзей, жадаючы, каб Хрыстус быў на першым месцы ў жыцці кожнага, як гэта было ў жыцці благаслаўлёнага.

С. Таццяна Гмыза SJE

 
© 2003-2024 Catholic.by