Фотаздымкі Альфрэда Мікуса з парафіяльнага касцёла ў Лучаі перамаглі на міжнародным фотаконкурсе Humanity Photo Awards | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.07.2014 02:23
Серыя фотаздымкаў «Адраджэнне касцёла» з парафіі св. Юды Тадэвуша Апостала ў Лучаі беларускага фатографа Альфрэда Мікуса была прызнана лепшай на міжнародным конкурсе фатаграфіі Humanity Photo Awards, які прайшоў у Пекіне.
 
У конкурсе ўдзельнічалі фатографы са 153 краін свету. Беларус Альфрэд Мікус заваяваў тры ўзнагароды: яго працы перамаглі ў трох намінацыях -- Humanity Photo Performance Awards (за серыю пад назвай «Егіпет-жыццё без прыкрас»), Humanity Photo Documentary Awards (за серыю з выявай касцёла ў Лучаі пад назвай «Адраджэнне касцёла») і Humanity Photo Nomination Awards (за серыю пад назвай «Народныя гулянні»).
 
У інтэрв’ю інтэрнэт-газеце «Ежедневник» Альфрэд Мікус распавёў, што  фатаграфіяй займаецца апошнія шэсць гадоў:
 
«Для мяне фатаграфія – гэта як акно ў свет, праз якое людзі ўбачаць нашу Беларусь і яе жыхароў. Таму я стараюся ўдзельнічаць у многіх фотаконкурсах і фотафестывалях свету».
 
  
 
Датычна серыі фотаздымкаў «Адраджэнне касцёла», у якой аўтар здымаў парафіяльнае жыццё ў в. Лучай, то гэтыя здымкі Альфрэд Мікус рабіў на працягу апошніх гадоў:
 
«Я пазнаёміўся з кс. Мікалаем Ліпскім (пробашч парафіі – заўв.рэд.), два гады здымаў у касцёле ўсе святы. Здымаў каталіцкія святы і абрады, якія ў глыбінцы пакуль застаюцца народнымі, шчырымі, а не пастановачнымі».
 
 
 
Разважаючы над тым, што з фотатэм яго прываблівае найбольш, фатограф называе жыццё ў глыбінцы:
 
«У апошнія гады мне стала вельмі цікавым жыццё ўнутры Беларусі, вясковае жыццё, жыццё простых людзей. Пазнаваць усё гэта мне дапамагае любімая дзяўчына. Яна вельмі творчы чалавек, журналіст, фатограф. Дапамагае, спыняе, раіць. Па роду дзейнасці мы з ёй часта аб’езджаем Пастаўскі край. Там я бачу жыццё знікаючых вёсак, жыццё знікаючага пакалення – ад 80 і вышэй, бабуль і дзядуль.
 
Мы прыязджаем у вёскі, дзе на 20-30 дамоў пяць-шэсць бабуль і дзядуць. Да іх прыязджаеш – яны цябе баяцца, таму трэба ехаць на дзень, на два, пасядзець, спакойна пагутарыць... Яны раскрываюць душу, смяюцца, плачуць. Такія эмоцыі не створыць ніводная мадэль!»
 
 
 
Адносна далейшых планаў фатографа, Альфрэд Мікус зазначае:
 
«Прыбытак ад фатаграфіі я не атрымліваю, толькі трачу на яе тое, што зарабляю ў іншай сферы. Я дырэктар у невялікай фірме, гэта дае асноўны прыбытак. Займаюся пастаўкамі харчовай сыравіны, але ў апошні год раздумваю над тым, каб змяніць сферу дзейнасці».
 
(JLS) 

 
© 2003-2024 Catholic.by