Парафіяне з Глыбокага ўшанавалі памяць мучанікаў Другой сусветнай вайны | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
06.03.2014 10:45

4 сакавіка ва ўрочышчы Барок недалёка ад Глыбокага сабраліся парафіяне глыбоцкага касцёла, каб ушанаваць памяць мучанікаў Другой сусветнай вайны, сярод якіх былі ксяндзы Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацькавяк. Гэтыя святары былі расстраляны ва ўрочышчы 4 сакавіка 1942 г.

Імшу цэлебраваў пробашч парафіі Святой Тройцы кс. Мечыслаў Янчышын. Падчас гаміліі святар зазначыў, што благаслаўлёныя мучанікі хоць і адышлі ў вечнасць і прабываюць у ліку святых, але адначасова знаходзяцца з тымі, хто яшчэ на зямлі, у іх сэрцах. Каб памяць благаслаўлёных Мечыслава, Станіслава і Уладзіслава жыла вечна, пробашч парафіі выказаў жаданне пабудаваць на месцы іх гібелі капліцу ў іх гонар.

Ксёндз Уладзіслаў Мацькавяк нарадзіўся 4 верасня 1910 г. у Сытках на Драгічыншчыне, пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі быў вікарыем, у гады вайны – пробашчам у Іказні. У верасні 1941 г. пасля заканчэння семінарыі яму на дапамогу быў прысланы ксёндз Станіслаў Пыртак. Нягледзячы на забарону немцаў, абодва святары вучылі мясцовых дзяцей рэлігіі, за што і былі арыштаваны. Спачатку нацысты катавалі іх у Браславе, а 24 снежня 1941 г. прывезлі ў Глыбокае. У другой палове студзеня да іх далучылі ксяндза з Дрысы Мечыслава Багаткевіча. У ноч перад расстрэлам святары цэлебравалі сваю апошнюю святую Імшу.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

Фота catholicnews.by

 

 
© 2003-2024 Catholic.by