У Лучаі выступіў гурт «Laudans» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
03.03.2014 10:51

2 сакавіка парафія Св. Юды Тадэвуша ў Лучаі (Віцебская дыяцэзія) запрасіла ўсіх жадаючых да копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якая перэгрынуе ў Лучаі ўжо трэці месяц і прабудзе там да Вялікадня. Гасцямі нядзельнай Імшы стаў хрысціянскі гурт "Laudans" з Мінска.

Падчас літургіі прагучалі традыцыйныя спевы ў выкананні артыстаў, а пасля Імшы адбыўся канцэрт.

У перакладзе з лацінскай мовы назва гурта азначае "той, хто праслаўляе". Калектыў быў заснаваны 25 красавіка 2013 г., яго лідарам з'яўляецца Андрэй Лугін. Прагучалі песні на словы паэта кс. Яна Твардоўскага ў перакладзе Веранікі Лугінай, творы на словы Караля Вайтылы і беларускай паэткі Ірыны Багдановіч, некаторыя з песень лідара гурта.

За непрацяглы час існавання гурт выступіў у многіх святынях Мінска і Беларусі, прымаў удзел у фестывалі хрысціянскай музыкі "Дастукацца да нябёсаў" у Баранавічах.

Лучайская парафія прымала ўжо многія гурты хрысціянскай музыкі. На шматлікія святы, якія арганізоўвае пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі ўжо амаль 7 гадоў, запрашаліся "Небасхіл", "Тэзаўрус", "Маран Ата", "Подых Духа", парафіяльныя хоры. Такія канцэрты прыходзяцца даспадобы мясцовым вернікам, а дзякуючы інтэрнэту (парафія мае свой сайт http://luchai.by/) прыязджаюць і госці з іншых мясцовасцяў. На гэты раз, між іншым, у Лучай прыбылі вернікі парафіі ў Лідзе.

Напрыканцы пробашч запрасіў прысутных на наступнае свята: на Вялікдзень у парафіі плануецца чарговы канцэрт знакамітага беларускага выканаўцы.

Алена Клімза-Колтан

Фота кс. Мікалая Ліпскага

 
© 2003-2024 Catholic.by