«Мы не хочам вайны: ніколі і нідзе». Прадстаўнікі Касцёла ўдзельнічалі ў мітынгу ў Глыбокім у 25-годдзе вываду войскаў з Афганістана | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.02.2014 16:37

15 лютага ў парку Перамогі ў Глыбокім прайшоў мітынг, прысвечаны 25-годдзю вываду войскаў з Афганістана. У акцыі прынялі ўдзел праваслаўны і каталіцкія святары.

Па словах намесніцы старшыні Глыбоцкага райвыканкама Галіны Унуковіч, гэта не толькі дзень памяці ўсіх загінуўшых, але і выказванне падзякі ўсім тым, хто вярнуўся дадому з гэтай вайны.

“Сёння мы вельмі часта вымаўляем гэтае жахлівае слова "вайна", - адзначыў кс. Вячаслаў Пялінак, вікарый глыбоцкай парафіі. - Якой бы не была вайна справядлівай - часам яна неабходная, калі трэба бараніць свой дом, сваю зямлю, - але яна заўседы жахлівая, бо імены, якія тут гучалі, - гэта жывыя людзі, гэта людзі, у якіх былі свае мары, сваё каханне, юнацкія подзвігі тут, на гэтай зямлі. І ўсё гэта перакрэслівае адно жахлівае слова – вайна”.

“Цудоўна, што мы збіраемся ў такія моманты разам, і Царква, і Касцел, і свецкія ўлады, каб сказаць сённяшняму свету, даць пасыл: мы не хочам вайны: ніколі і нідзе, - дадаў святар. - Вайна не можа вярнуцца на гэтую зямлю. Мы хочам жыць у супакоі!”

На заканчэнне прамовы святар заахвоціў разам памаліцца за ахвяр гэтай вайны малітвай "Ойча наш".

Паводле catholicnews.by

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by