Ксёндз Алег Буткевіч, сын віцебскай зямлі, стаў біскупам | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.01.2014 22:25

18 студзеня ў катэдральным касцёле ў Віцебску падчас урачыстай Імшы адбылося біскупскае пасвячэнне ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Галоўным пасвячаючым біскупам быў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, асістуючымі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Аляксандр Кашкевіч.

„Касцёл – гэта брама, брама да Божага Валадарства, - сказаў, звяртаючыся да ўсіх прысутных, новы Віцебскі ардынарый. – Наша заданне – зрабіць так, каб гэта брама была адчынена, (…) каб у Касцёле чалавек знаходзіў Хрыста, каб бачыў, адчуваў Яго Божую любоў, каб чалавек мог Яго тут знайсці”. “Любіце гэты Касцёл, - заклікаў новы іерарх вернікаў. – Так, ён часам недасканалы, слабы, бо складаецца з людзей (…) Але моц гэтага Касцёла залежыць ад нашай з вамі веры – той веры, якую нам на гэтай зямлі перадалі, часам коштам свайго жыцця, нашы бацькі, нашы дзяды”. “Без малітвы няма шляху да Божага Валадарства, - падкрэсліў біскуп. – Таму прашу вас аб малітве за наш Касцёл”. Віцебскі ардынарый узгадаў словы Маці Божай “Вялікае ўчыніў Мне Усемагутны”, дзякуючы за Божую любоў і міласэрнасць.

Прысутных прывітаў ксёндз прэлат Францішак Кісель, які з’яўляўся Апостальскім адміністратарам Віцебскай дыяцэзіі, выказаўшы вялікую радасць і ўдзячнасць Богу і Святому Айцу Францішку за абранне кс. Алега Буткевіча ардынарыем. Ксёндз прэлат праз Апостальскага Нунцыя перадаў падзяку Пантыфіку за гэты выбар.

Была агучана намінацыйная була Святога Айца. "Мы, знаходзячыся на благаслаўлёнай Пятровай Сталіцы, у клопаце пра духоўнае дабро ўсяго статку Пана, найвышэйшай Апостальскай уладай, мянуем цябе біскупам Віцебскім, надзяляючы ўсімі правамі і абавязкамі", - гаворыцца ў буле пры звароце да біскупа Алега Буткевіча.

Гамілію прамовіў галоўны пасвячаючы — Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх перадаў усім прысутным благаслаўленне, абдымкі і прывітанне Святога Айца Францішка. Вітаючы дэлегацыю Праваслаўнай Царквы, прадстаўнік Папы ўзгадаў, што дзень таму сустракаўся з новым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Паўлам і разам з ім разважаў, як данесці Добрую Навіну да тых, хто яшчэ не верыць.

“Вельмі цяжка выказаць пачуцці, якія жывуць у маім сэрцы ў гэты дзень”, - прызнаўся арцыбіскуп. Кажучы пра біскупа наміната, Апостальскі Нунцый адзначыў: “Выбраны – ваш сын і брат. (…) Ён сын гэтай зямлі”. “Дарагі брат, перад табой асаблівы абавязак – абвяшчаць Евангелле ў ролі біскупа, - звярнуўся прадстаўнік Папы да біскупа наміната. - Абвяшчаць Евангелле азначае мець асаблівую сувязь з Езусам Хрыстом, і гэта адносіцца да ўсіх хрысціян. (…) Цябе гэтыя адносіны датычацца асабліва, бо ты станеш тварам, розумам і сэрцам віцебскага Касцёла”.

Кажучы пра маці біскупа Алега Буткевіча, арцыбіскуп сказаў: “Яна ведае, што адказнасць на тваіх плячах узрасце вельмі моцна”. Апостальскі Нунцый падзякаваў маці новага ардынарыя за тое, што яна “падаравала нам такога сына”, а таксама заклікаў не баяцца, “бо сярод біскупаў і ўсяго Божага люду ён знойдзе сваю новую сям’ю”. “Ваш сын не шукаў гэтага месца, — дадаў прадстаўнік Святога Айца. — Але ён адказаў “так”, каб здзейснілася воля Бога”.

“Ты станеш наступнікам Апосталаў, і гэта вельмі глыбокая таямніца, — падкрэсліў арцыбіскуп, звяртаючыся да пасвячаемага. —  Станеш наступнікам тых, хто бачыў і дакранаўся да Хрыста. Ты маеш права казаць: таксама і я бачыў і дакранаўся да Хрыста”. “Ты біскуп Касцёла віцебскага, а таксама паўсюднага Касцёла. З усёй Калегіяй Біскупаў ты з’яўляешся сведкам Хрыста, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Твая адказнасць не будзе датычыцца толькі віцебскага Касцёла – яна будзе датычыцца Касцёла паўсюднага”. “І ўвесь час ты павінен адчуваць сябе членам вялікага паўсюднага Касцёла”, — сказаў арцыбіскуп.

“Да сённяшняга дня ты быў верным мужам. Будзь верным аж да канца часоў сваёй абранніцы – Касцёлу, — заклікаў Апостальскі Нунцый новага біскупа. — Сёння ты цалкам аддаеш сябе гэтай абранніцы аж да смерці. І ў гэтым касцёле, і па-за ім ёсць людзі, якія цябе чакаюць. Перадусім гэта бедныя – у сэнсе матэрыяльным і ў сэнсе духоўным”. “Ідзі далёка, вельмі далёка – перадусім туды, дзе людзі ніколі не чулі пра Хрыста. Туды, дзе ёсць самотныя, плачучыя, якія не маюць таго, хто іх суцешыць; туды, дзе ёсць хворыя, пакінутыя, — дадаў арцыбіскуп. — Дзе ёсць моладзь, якая чакае таго, каб жыць, каб змагацца”.

Кажучы пра адносіны новага ардынарыя са сваімі братамі ў святарстве, прадстаўнік Папы адзначыў: “Святары павінны адчуваць, што хтосьці іх чакае. Да іх павінен прыйсці айцец і брат. Калі біскуп ператворыцца ў “вязня”, які жыве ў адзіноце, гэта значыць, што ён згубіў сэнс свайго біскупства”. “Ты ніколі не быў такім “вязнем””, - звярнуўся іерарх да біскупа Алега Буткевіча.

“Маладыя людзі будуць спазіраць на тваю любоў да Хрыста, на тваё жыццё, - сказаў новаму ардынарыю арцыбіскуп. - Жадаю, каб моладзь, гледзячы на цябе, сказала: я хачу быць падобным да гэтага чалавека”. “Мы можам у гэты дзень толькі падзякаваць Богу, які такім чынам паказаў сваю любоў”, — адзначыў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да ўсіх прысутных, і заклікаў іх маліцца “за гэтага біскупа, каб Дух Святы авалодваў ім”.

Біскуп намінат Алег Буткевіч склаў абяцанне, у апаведнасці з устанаўленнем святых Айцоў, якое наказвае, каб таго, хто прымае біскупскае пасвячэнне, запыталі перад народам, ці хоча ён захоўваць веру і выконваць свой абавязак. Прагучала Літанія да Усіх Святых, падчас якой выбраны ляжаў ніцма. Галоўны пасвячаючы і іншыя іерархі па чарзе ўсклалі рукі на галаву біскупа наміната. Апостальскі Нунцый прамовіў малітву пасвячэння. Таксама было здзейснена намашчэнне чала новага біскупа. Яму былі ўручаны кніга Евангелля і біскупскія адзнакі — персцень, мітра і пастарал. Паколькі пасвячэнне адбылося ва ўласным касцёле пасвячанага, новы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі быў запрошаны сесці на катэдры, з якой будзе навучаць дыяцэзіян. Таксама новы біскуп атрымаў ад галоўнага пасвячаючага і ўсіх іерархаў пацалунак супакою.

На ўрачыстасць пасвячэння новага ардынарыя, якога Папа Францішак прызначыў 29 лістапада, прыбыло шмат гасцей з Беларусі і з замежжа – Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Італіі; прадстаўнікі гарадскіх і абласных уладаў, дыпламатычнага корпусу, духавенства, кансэкраваныя асобы і шмат вернікаў. Удзельнічалі ўсе біскупы Беларусі, біскуп Эдвард Паўлоўскі з Латвіі, біскуп Арунас Панішкайціс з Літвы, грэка-каталіцкае духавенства разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі якой перадалі віншаванні ад архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзмітрыя, дзе падкрэсліваюцца добрыя адносіны паміж дзвюма Цэрквамі і выказваецца надзея на далейшае плённае супрацоўніцтва і дыялог. Таксама быў агучаны ліст старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Касінца, у якім было падкрэслена, што Касцёл на Віцебшчыне ўносіць вялікі ўклад у жыццё грамадства і развіццё хрысціянскіх традыцый.

“Я не перастаю быць для вас братам”, - з такімі словамі біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да святароў дыяцэзіі, паабяцаўшы, што яго сэрца і дзверы будуць заўсёды адчынены для іх і што ён будзе заўсёды старацца мець для іх час, каб сустракацца, размаўляць, быць разам. Новы ардынарый падзякаваў усім, хто зрабіў вялікі ўплыў на яго жыццё, у тым ліку родным, блізкім, тым, хто суправаджаў яго на жыццёвым шляху. Асаблівую падзяку іерарх скіраваў да кс. прэлата Францішка Кісяля, які да гэтага кіраваў дыяцэзіяй.

На заканчэнне Імшы новы ардынарый удзяліў прысутным біскупскае благаслаўленне.

Пачалося служэнне Алега Буткевіча як біскупа Віцебскага. Іерарх стаў другім ардынарыем дыяцэзіі пасля біскупа Уладзіслава Бліна, які стаяў ля яе пачаткаў, арганізоўваючы рэлігійнае жыццё на землях Віцебшчыны.

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by