Конкурс каляднай песні “Зорка Бэтлеема” прайшоў у Мёрах | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.01.2014 12:00

4 студзеня ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) у трынаццаты раз адбыўся конкурс каляднай песні “Зорка Бэтлеема”. Конкурс праходзіў у раённым Доме культуры.

На адкрыцці прысутных прывітаў дэкан Мёрскага дэканату і пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Кшыштаф Мянкіна. Мерапрыемства пачалося Імшой у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
 
У межах конкурсу выступілі наваполацкая, браслаўская, пастаўская, ахрэмаўская і мёрская парафіі. Гучалі спевы на рускай, польскай, а пераважна на беларускай мовах. Канкурсанты выступалі ў жанрах сольнае выкананне і інструментальны, а таксама гурты.

Пакуль журы падводзіла вынікі, міні-канцэрт прадставіў каталіцкі гурт з Мінска “Laudans” пад кіраўніцтвам заснавальніка Андрэя Лугіна, прадставіўшы калядкі ў сваёй апрацоўцы і лірычныя песні, разам з каментарыямі, якія Андрэй Лугін прамаўляў да кожнай кампазіцыі.

У намінацыі сольнае выкананне лепшай была прызнана Дзіяна Гуйдо з Наваполацка, другое месца заняла Паліна Валеўка з Мёраў, трэцяе — Юлія Ожаль з Пастаў. Звычайна на мёрскай сцэне выступала ў інструментальным жанры трыа хлопчыкаў, аднак у гэтым сезоне ў яго складзе ўпершыню выступілі дзяўчынкі, атрымаўшы ўзнагароду за выкананую кампазіцыю. Гурты журы падзяліла па ўзроставай катэгорыі на дзве — дзіцячая і юнацкая. Другія месцы занялі дзіцячы гурт з Браслава і юнацкі з Ахрэмаўцаў, а першыя — дзіцячы з Наваполацка і юнацкі з Мёраў. Усім пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

 

Фота з catholicnews.by

 
© 2003-2024 Catholic.by