Юныя парафіяне з Гарадка паказалі п’есу для пацыентаў Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага шпіталя | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
27.12.2013 13:34

У калядны час удзельнікі фестывалю «Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску» падрыхтавалі паказ п’есы «Ноэмі шукае шлях да пячоры». Юныя акцёры з парафіі Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гарадку прывезлі спектакль, каб паказаць яго маленькім пацыентам Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага шпіталя.

Рэжысура спектакля вырашана ў стылі народнай батлейкі. Законныя сёстры і маленькія парафіяне імкнуліся перадаць мастацкімі сродкамі абвяшчэнне Радаснай Весткі: «Збаўца нарадзіўся!»

Кс. Адам Дынак распавёў дзецям пра цуд Божага Нараджэння і падрыхтаваў калядныя прысмакі. Ад імя медыкаў дзіцячага шпіталя намеснік галоўнага ўрача Ірына Юніс падзякавала святару, сёстрам законным і маленькім парафіянам за ўвагу, дабразычлівасць і неабыякавасць да сваіх аднагодкаў, якія падчас святаў неспадзявана апынуліся на шпітальным ложку.

тэкст і фота Барбары Сіпайла.
 

 


 
© 2003-2024 Catholic.by