«Калядны куфэрак» — новы дыск традыцыйных калядак запісалі ў Мёрскім касцёле | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.12.2013 15:31
Убачыў свет дыск «Калядны куфэрак» — плён супольнай працы парафіяльнага хорa Fiat Мёрскага касцёлa пад кіраўніцтвам Анджэлы Кіпрушавай і капэлы Paparać (былы гурт Pete Paff). Дыск змяшчае традыцыйныя калядныя песні, так званыя «калядкі». Нягледзячы на тое, што ўсе яны рэлігійнага зместу, гэта песні побытавыя і ўжываюцца ў звычайным жыцці.

Асаблівасцю праектa з’яўляецца ўдзел у ім адначасова вядомага рок-музыкі Піта Паўлава і традыцыйнага народнага хорa, а таксама ксяндза Кшыштафа Мянкіны, які выступіў не толькі ў якасці апекуна праектa, але і выканаў адну з песень.

Выглядала так, што нас запрасілі як экспэртаў. Але на самой справе у гэтым абмене мы атрымалі болей, чым яны, — кажа Піт Паўлаў. — Я не вельмі рэлігійны чалавек, але належу да праваслаўнай канфэсіі. Гэта, аднак, не перашкодзіла вельмі хутка пабудаваць канструктыўныя прафесійныя і цёплыя таварыскія стасункі з усімі ўдзельнікамі хорa.

17 песень былі запісаны за два дні непасрэдна ў касцёле. Асноўная музычная сіла праектa — Анджэла Кіпрушава, арганістка і дырыжор хорa. Таксама ў запісe дыска ўдзельнічалі арганіст Дзмітрый Гарэлаў і скрыпачкі Валянціна Казакевіч і Марыя Кашкур. Капэла Paparać брала ўдзел у сямі творах, а партыі бас-гітары выканаў Глеб Галушка, прадзюсар апошняга альбомa N.R.M. «Д.П.Б.Ч.».

Паводле ultra-music.com (AYU)
 
© 2003-2024 Catholic.by