У Віцебску завяршылася перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус па Беларусі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
28.08.2013 13:04

Урачыстай святой Імшой у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску 27 жніўня завяршылася перэгрынацыя па Беларусі рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Перэгрынацыя распачалася 1 чэрвеня, і за тры месяцы рэліквіі наведалі ўсе дыяцэзіі Беларусі.

Апошняй на шляху перэгрынацыі стала Віцебская дыяцэзія, куды рэліквіі прыбылі 17 жніўня ў Браслаў, на святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў.

На працягу ўсяго дня 27 жніўня шмат людзей прыходзіла ў віцебскую катэдру, каб аддаць пашану славутай святой, папрасіць праз яе заступніцтва ў Бога ласкі для сябе і сваіх бліжніх.

Святую Імшу на заканчэнне перэгрынацыі ўзначаліў Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель.   

 
Фота Кацярыны Лаўрыненкі 


У гаміліі айцец Аркадзь Куляха OCD нагадаў аб падзеях, калі ў 1897 годзе ў французскім кляштары ў Лізьё памірала маладая законніца — Тэрэза ад Дзіцятка Езус, і сёстры з кляштара задумаліся, што яны напішуць у яе некралогу. Прагучала думка, што жыццё Тэрэзы можна апісаць так: «Жыла, прыйшла ў наш кляштар і памерла». «Нічога іншага, надзвычайнага».  

«Яна не зрабіла нічога надзвычайнага ў чалавечым разуменні», — працягваў святар. Праз 20 гадоў, калі ў Рым прывезлі акты беатыфікацыі, папа Пій X сказаў пра Тэрэзу наступным чынам: «Яе бязмежная прастата – гэта найбольш надзвычайнайная справа. Сакрэт яе святасці заключаецца ў тым, што яна незвычайным чынам перажывала сваю звычайнасць».

Айцец Аркадзь Куляха падзяліўся тым, што, рыхтуючыся да гаміліі, задумаўся: ці выпадкова перэгрынацыя  рэліквій завяршаецца менавіта ў віцебскай катэдры? І прыйшоў да высновы, што не: «І не таму, што ў Пана Бога няма выпадковага. Але таксама таму, што гэтая катэдра прыпамінае пра міласэрнасць Езуса Хрыста, пра тое, што Божая любоў большая, чым грэх. Менавіта гэтаму вучыла святая кармэлітка. Сёння тут, у віцебскай катэдры, святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус як бы хоча сказаць нам на завяршэнне: даверцеся Божай міласэрнасці, даверцеся Божай любові бясконца, бо яна збавіць». 

 

 Фота Кацярыны Лаўрыненкі 

 Таксама святар заклікаў прысутных, каб гэтая сустрэча была «не толькі прыгожым разважаннем над сваім жыццём, але перш за ўсё крыніцай перамены жыцця», і заахвоціў памятаць пра тры праўды, на якія звяртала ўвагу святая: «Першая: я ўмілаванае Дзіця Божае. Другая: Бог дае мне час, каб я мог гэты час напоўніць любоўю і дабром. Трэцяя: кожная хвіліна можа быць выкарыстана для таго, каб чыніць любоў, каб кожны ўчынак, які я раблю, выконваць у любові».  

«Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус паказвае: святасць магчыма», — дадаў святар.

На заканчэнне ўрачыстасці дэкан Віцебскага дэканата ксёндз Алег Буткевіч прачытаў перад рэліквіямі «Акт Ахвяравання сябе Міласэрнай Любові».

За 88 дзён, якія доўжыцца перэгрынацыя ў Беларусі, аўтамабіль з рэліквіямі пераадолеў больш за 8 600 кіламетраў.  

Рэліквіі пабывалі ў 159 касцёлах і капліцах Беларусі, у ліку якіх — усе катэдральныя касцёлы дыяцэзій, а таксама ўсе санктуарыі.

Кацярына Лаўрыненка


 

 
© 2003-2024 Catholic.by