Беларускіх капуцынаў наведаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.02.2012 13:44

15 лютага 2012 г. у Докшыцах завяршыўся VI Чарговы Капітул Віцэправінцыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. На яго заканчэнне беларускіх капуцынаў наведаў  Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Акрамя супольнай малітвы на працягу трохдзённага пасяджэння, удзельнікі абмяркоўвалі прысутнасць капуцынаў у Беларусі, паглыбленне на нашай зямлі тоеснасці ўласцівага для гэтай супольнасці харызмату, выражалі клопат пра пакліканні да такога ладу жыцця і адказнасць за выхаванне будучых пакаленняў капуцынаў.

Адказным заданнем братоў, сабраных на Капітуле, з’яўляецца выбар кіраўніцтва беларускай супольнасці капуцынаў. На чарговае трохгоддзе клопат пра Віцэправінцыю ў Беларусі браты-капітульныя даручылі брату Андрэю Жылевічу, якога абралі віцэправінцыяльным міністрам. У склад віцэправінцыяльнай рады ўвайшлі брат Арыюш Малыска і брат Андрэй Букштан.

На заканчэнне пасяджэння Капітула беларускіх капуцынаў наведаў  Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Падчас супольнай святой Імшы іерарх заахвоціў братоў да ўмацавання ладу жыцця, згоднага з ідэяй св. Францішка. Сустрэча з прадстаўніком Апостальскага Пасаду адбылася ў цёплай атмасферы шчырасці і адказнасці. Абмяркоўваліся пытанні актуальнай сітуацыі католікаў у Беларусі, сутнасць манаскага жыцця, функцыі законнікаў і месца ў лакальным Касцёле.

A. Алег Шэнда OFMCap

 
© 2003-2024 Catholic.by