У Глыбокім адбыўся кангрэс Легіёна Марыі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
03.05.2010 12:35
1 мая 2010 г. у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія)  адбыўся кангрэс апостальскага руху Легіёна Марыі пад назвай «Легіянер і Эўхарыстыя». У ім прынялі ўдзел 55 легіянераў, а таксама духоўныя кіраўнікі — святары і сёстры законныя. Сустрэча распачалася ружанцовай малітвай, пасля якой адбылася святая Імша.

Пасля літургіі ўдзельнікі кангрэса разважалі над значэннем Эўхарыстыі ў жыцці легіянера. Дапамогай у гэтым сталі даклады на тэмы Божага слова і Эўхарыстыі, а таксама праца ў групах. Праграмай быў прадугледжаны час на прыватную малітву. Напрыкацы кангрэса адбылося благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Легіён Марыі — гэта супольнасць католікаў, якія са згоды Касцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў дапамагаць Касцёлу ў барацьбе супраць праяў зла. Члены гэтай супольнасці шляхам да святасці і збаўлення выбралі менавіта Марыю. Гэты апостальскі рух узнік у Ірландыі, у Дубліне, 7 верасня 1921 года, у вігілію свята Нараджэння Беззаганнай Марыі.


 
© 2003-2024 Catholic.by