«Метад ЭКА — сапраўдны эксперымент над геномам чалавека»: гінеколаг Васілеўскі на семінары ў Мінску | Друк |
Грамадства
22.11.2014 18:10

«Выкарыстоўваючы метад ЭКА, мы ламаем біялагічны бар’ер і змяняем генетыку, бо цалкам магчыма, што ў прыродным асяродку яйцаклетка ніколі б не злучылася з такім сперматазоідам», — адзначыў падчас семінара па праблемах плоднасці урач-гінеколаг з Польшчы Тадэвуш Васілеўскі.

Семінар адбыўся ў Чырвоным касцёле ў Мінску і сабраў каля 150-і чалавек. 

Адным з дакладчыкаў на семінары «Праблемы бясплоднасці і шляхі яе вырашэння», які прайшоў 22 лістапада ў беларускай сталіцы, стаў польскі ўрач акушэр-гінеколаг Тадэвуш Васілеўскі, што заснаваў у Польшчы клініку па пытаннях плоднасці сям'і.

Паводле слоў дакладчыка, хоць Сусветная арганізацыя аховы здароўя і назвала бяслоднасць праблемай сусветнага маштабу, гэтая праблема не толькі сямейная, але і сацыяльная. Урач адзначыў, што ўпершыню метад ЭКА ў Польшчы быў выкананы ў 1987 годзе, амаль праз 10 гадоў пасля першага такога выпадку ў свеце.

«Цярпенне ад бясплоднасці параўнальна з цярпеннем ад анкалогіі, пра якую ведаеш», — сказаў Васілеўскі, адзначыўшы, што з праблемай зачацця ва ўсім свеце сутыкаецца кожная пятая-шостая пара.

«Небяспека можа быць нябачнай»

«Медыцына можа прапанаваць сёння тры спосабы барацьбы з бясплоднасцю. Першы — гэта назіранне за жаночым менструальным цыклам і прыманне лекаў для карэкцыі тых ці іншых праблем. Другі метад — штучнае апладненне, а трэці — гэта метад ЭКА, калі апладненне адбываецца па-за рэпрадуктыўнай сістэмай», — дадаў спецыяліст.


Адзначаючы распаўсюджанасць менавіта метада ЭКА, Тадэвуш Васілеўскі звярнуў увагу на тое, што пацыенткі часта вельмі павярхоўна ведаюць гэты метад, у чым і заключаецца іх асноўная праблема.

«Пасля метада ЭКА часта назіраецца шматплоднасць. Пры гэтым у 30 працэнтах такая шматплоднасць заканчваецца смерцю немаўлят. У дзяцей, народжаных праз метад ЭКА, на 30-40 працэнтаў узрастае схільнасць да тых ці іншых парокаў. На вялікі жаль, урачы не кажуць пра гэта сваім пацыенткам».

Урач Васілеўскі падкрэсліў, што метад ЭКА з’яўляецца сапраўдным эксперыментам над геномам чалавека: «Уводзячы ў яйцаклетку сперматазоід, мы ламаем біялагічны бар’ер і змяняем генетыку, бо цалкам магчыма, што ў прыродным асяродку яйцаклетка ніколі б не злучылася з такім сперматазоідам: біялогія чалавека спрацоўвае такім чынам, што адбірае найбольш устойлівыя сперматазоіды і яйцаклеткі».

Паводле слоў дакладчыка, менавіта гэта абумоўлівае нараджэнне дзяцей з аслабленым імунітэтам і высокую рызыку генетычнай мутацыі.

«Небяспека можа быць нябачнай, таму што адхіленні могуць праявіць сябе ў іншых пакаленнях, што з’яўляецца вялікай небяспекай для будучыні чалавецтва», — заключыў урач.

Ілья Лапато

Таксама па тэме:

 
© 2003-2024 Catholic.by