Адказны пры ККББ за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця скіраваў зварот да манаскіх асобаў | Друк |
Іерархі
02.02.2017 09:48

«Манаскае жыццё ў нашым Касцёле стала яго сапраўдным сэрцам. І яно будзе нястомна біцца на працягу ўсяго існавання Касцёла», — адзначае ў сваім звароце біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры епіскапаце Беларусі. 2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень кансэкраванага жыцця.

a Манаскае жыццё — сэрца Касцёла ў Беларусі

Ад пачатку існавання Касцёла было нямала мужчын і жанчын, якія імкнуліся прысвяціць усё сваё жыццё служэнню Богу і хрысціянскай супольнасці. Дзеля рэалізацыі гэтага паклікання яны нават адмаўляліся ад стварэння ўласнай сям’і. Пазней многія з гэтых суполак ператварыліся ў манаскія ордэны і кангрэгацыі, у супольнасці законнікаў і законніц, святароў, братоў і сясцёр, якія жывуць супольным жыццём, склаўшы абяцанні Богу — жыць ва ўбостве, паслухмянасці і чыстасці. Такі стыль жыцця быў афіцыйна прызнаны Касцёлам і называецца манаствам.

Мэта манаства ў Касцёле мае на мэце не адасабленне ад свету, а спрыянне яго збаўленню. Таму манаскае жыццё развіваецца не толькі ў сузіральным, малітоўным накірунку, але і становіцца больш дзейсным, бо сённяшні свет патрабуе сапраўдных сведкаў, якія ўкажуць іншым хрысціянскія каштоўнасці і шлях да Бога.

Гледзячы на служэнне манаскіх асобаў у нашай краіне — Беларусі, бачна, якое адданае іх выключнае служэнне Богу і людзям, як наследуюць яны Езуса на шляху евангельскіх парадаў і з’яўляюцца Яго нябачным сэрцам. Без іх сведчання і адданасці цяжка ўявіць сабе цэласнасць жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Манаскія асобы асабліва пакліканы да таго, каб прымаць міласэрнасць і дзяліцца ёю з іншымі. Чысціня сэрца і рук, накіроўванне сваёй душы да вечнасці, жыццё ў свабодзе, якую дае праўда, нагадваюць пра тры евангельскія парады, якія праз складзеныя манаскія абяцанні сталі штодзённасцю кансэкраваных асобаў.

Менавіта з евангельскіх парадаў вынікае абавязак манахаў і манахінь клапаціцца пра духоўнае і фізічнае жыццё асобаў, сярод якіх яны служаць, а таксама неабходнасць маліцца ў іх інтэнцыях.

Манаскае жыццё ў нашым Касцёле стала яго сапраўдным сэрцам. І яно будзе нястомна біцца на працягу ўсяго існавання Касцёла, падтрымліваючы яго жыццядайную сілу адданым служэннем, ласкай малітвы на каленях, ахвяраваным постам і нялёгкай працай. Гэтае сэрца будзе біцца далей дзякуючы выслуханым просьбам церпячых і прыгнечаных, дзякуючы руплівай і неадкладнай дапамозе ім. Менавіта манаскія асобы з’яўляюцца «хуткай дапамогай» у нашым Касцёле і выпрошваюць міласэрнасць для нас і для ўсяго свету.

Жадаю ўсім манаскім асобам нашай краіны і тым, хто жадае далучыцца да іх служэння, каб Божая любоў агарнула вас, а мы ўсе разам працягвалі быць руплівымі і бачнымі апосталамі Езуса Хрыста.

Са святам вас!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

+ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця
і таварыстваў апостальскага жыцця

 
© 2003-2024 Catholic.by