«Тэалагічная акадэмія падыме імідж Беларусі»: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пра рэгістрацыю Акадэміі | Друк |
Іерархі
18.02.2015 15:25

17 лютага была зарэгістравана Мінская тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ. У каментарыі для Catholic.by Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра наступны этап праекта Акадэміі, а таксама звярнуў увагу на патэнцыял гэтай навучальнай установы.

«Дакументы на рэгістрацыю Акадэміі падаваліся тры разы і дзякую Богу, што гэты працэс паспяхова завяршыўся, — адзначыў іерарх. — З моманту рэгістрацыі Акадэмія з’яўляецца юрыдычнай асобай з усімі выплываючымі з гэтага факту правамі і абавязкамі, а гэта дае новыя магчымасці для яе станаўлення і развіцця, а таксама для адносін з дзяржавай. Акадэмія будзе дзейнічаць паводле Статута, мець пячатку і патрэбныя для яе дзейнасці рэквізіты. Яе выпускнікі атрымаюць дыплом, устаноўлены для гэтай Вышэйшай духоўнай навучальнай установы».

Арцыпастыр зазначыў, што адметнасцю Акадэміі стане тое, што ў ёй будуць прадугледжаны два напрамкі: падрыхтоўка святароў і тэалагічная адукацыя для свецкіх людзей.

«Наша грамадства патрабуе не толькі духоўных асобаў, але і тэалагічна падрыхтаваных свецкіх, якія ў розных жыццёвых сітуацыях будуць сведкамі Евангелля і вучэння Касцёла», — дадаў арцыпастыр.

Арцыбіскуп зазначыў, што для рэгістрацыі было патрэбна канкрэтнае месца пад юрыдычны адрас і знаходжанне:

«Пакуль што новая ўстанова не мае свайго будынку, таму яна была зарэгістравана ў адным з дамоў, якія належаць да дабрачыннай арганізацыі "Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мінская Акадэмія павінна знаходзіцца ў Мінску. Мы не хацелі б не зацягваць з яе будаўніцтвам, але спачатку трэба атрымаць дазвол на будаўніцтва Акадэміі.

У бліжэйшы час у Мінгарвыканкам будуць пададзены адпаведныя дакументы з просьбай аб выдзяленні зямлі пад Акадэмію. Сёння, аднак, яшчэ рана гаварыць аб тэрмінах, але мы спадзяёмся на хуткае вырашэнне праблемы з выдзяленнем зямлі. Потым распачнецца справа праектавання, узгадненняў і атрымання ўсіх дазволаў. І толькі потым распачнецца будова. Будзем старацца, каб гэты працэс не зацягваўся».

Звяртаючы ўвагу на значнасць будучай Акадэміі, іерарх падкрэсліў яе патэнцыял:

«Ужо шмат гадоў як людзі выказвалі свае пажаданні мець у Мінску вышэйшую каталіцкую навучальную ўстанову. Сёння такая магчымасць ажыццяўляецца. Мінск — гэта сталіца Беларусі. Тут сканцэнтраваны яе навуковы і культурны патэнцыял, які будзе ўзбагачаны Акадэміяй. Тэалагічная акадэмія падыме імідж Беларусі і будзе спрыяць далейшаму развіццю беларускай культуры, абагачаючы яе духоўным зместам. Гэта важна для Касцёла, якому патрэбныя «свае» якасна падрыхтаваныя святары і свецкія асобы. Гэта важна таксама і для сталіцы, а таксама для нашай краіны».

(IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by