Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Кажучы пра Божую міласэрнасць, нельга забывацца на грэх і яго ўплыў» | Друк |
Іерархі
14.10.2014 13:50

Гарачыя дыскусіі выклікала ва ўдзельнікаў Сінода Біскупаў паслядэбатная справаздача, прадстаўленая да ўвагі 13 кастрычніка. Неадназначную рэакцыю біскупаў для Catholic.by пракаментаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч — беларускі ўдзельнік на Сінодзе. 

— Ваша Эксцэленцыя, у завяршэнне першага тыдня працы Сінода Біскупаў была агучана паслядэбатная справаздача,  якая выклікала вялікі рэзананс. Якая атмасфера пануе на Сінодзе, асабліва на круглых сталах зараз?

— Многія біскупы выказваюць імкненне ўдасканаліць дакумент як з тэалагічнага, так і пастырскага пункту гледжання. Прапаноўваецца падкарэктаваць некаторыя фармулёўкі, каб зрабіць іх больш зразумелымі і пазбегнуць непаразуменняў, а таксама каб пазбегнуць адчування, што Касцёл танцуе пад музыку секулярнага свету.

Мы павінны памятаць пра словы святога апостала Паўла і не прыпадабняцца зманліваму свету. Няма сумненняў, што трэба «чытаць» знакі часу і адказваць на іх, але адказ павінен абапірацца на вучэнне Хрыста.

Вучэнне Касцёла развіваецца, і гэта добра, аднак прынцыпы Евангелля застаюцца нязменнымі і мы павінны прытрымлівацца іх. Пануе атмасфера заклапочанасці. Удзельнікі Сінода разумеюць, што патрэбна выпрацаваць шляхі выхаду з праблем сям’і, але Божы закон пры гэтым павінен быць захаваны.


 
— Якія Вашы ўражанні ад тэксту паслядэбатнай справаздачы?

— Без сумневу, падрыхтоўчая камісія зрабіла вельмі вялікую працу. Але, як кожная чалавечая праца недасканалая (дасканалы толькі Бог), яна патрабуе паляпшэння.

Было б добра, каб у дакумент унеслі пункт аб супрацоўніцтве з Праваслаўнай Царквой у справе папулярызацыі каштоўнасцяў хрысціянскай сям’і і абароны жыцця, бо нашы пазіцыі блізкія.

Сям’я з’яўляецца фундаментам кожнага грамадства, таму ўсё грамадства павінна клапаціцца пра інстытут сям’і. Урад краін павінен прымаць такія законы, якія будуць развіваць і падтрымліваць інстытут сям’і.

Мэта Сінода — гэта пошук шляхоў у пастырскай падтрымцы сям’і. У сувязі з гэтым варта больш дастасаваць «прынцып паступовасці» ў Божым плане збаўлення адносна тых, хто жыве ў канкубінаце (сумеснае пражыванне па-за шлюбам — заўв.рэд.). Усе мы не дасканалыя, але праз працэс навяртання і ўдзел у сакрамэнтах мы працягваем удасканальвацца. Але ці можна лічыць канкубінат ступенню да духоўнага ўдасканальвання? А гомасексуальныя саюзы?

Відавочна, варта ахінуць такіх людзей духоўнай апекай і прадставіць ім «Божую педагогіку» ласкі, якая праз святыя сакрамэнты вядзе да еднасці з Богам. Нельга, аднак, не пагадзіцца з тым, што сумеснае сужыццё мужчыны і жанчыны без касцёльнага благаслаўлення або гомасексуальны саюз з’яўляюцца грахом і не могуць быць шляхам да ўдасканалення. Падкрэсліваючы ідэю міласэрнасці (гэта адна з галоўных прыкмет Бога), нельга забывацца на грэх і на тое, які ўплыў ён мае на сям’ю.



— Якое галоўнае заданне нясуць у сабе круглыя сталы і ў якой атмасферы вядзецца абмеркаванне?

—  Задача круглых сталоў — падрыхтоўка паправак у тэкст і яго ўдасканаленне. Мне з круглым сталом у нейкім сэнсе пашанцавала, бо ў ліку яго ўдзельнікаў і кардынал Герхард Мюлер — прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Таму можна быць спакойным, што фармулёўкі паправак ад нашага круглага стала будуць адпавядаць вучэнню Касцёла.

У круглым стале, у якім я прымаю ўдзел, прадстаўлены біскупы з усіх частак свету — Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Акіяніі. Атмасфера ў групе працоўная, хоць дыскусіі дастаткова вострыя. І гэта добра, бо сапраўды ў спрэчках нараджаееца ісціна. Лічу важным той факт, што ўсе імкнуцца такім чынам скарэктаваць тэкст, каб ён адпавядаў патрэбам часу і адначасова заставаўся верным вучэнню Касцёла ў галіне сям’і, спрыяючы яго развіццю.

Хрыстус казаў, што калі двое ці трое збіраюцца ў Яго імя, то там і Ён прабывае з імі. Я ўпэўнены, што Езус, які заснаваў сакрамэнт сужэнства, праз рашэнні Сіноду захавае гэты сакрамэнт і зробіць сям’ю надзеяй нашага часу.

Падрыхтаваў Ілья Лапато

Фота Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by