Навіны Сіноду: арцыбіскуп Кандрусевіч пра супрацоўніцтва з хрысціянскімі канфесіямі ў пытаннях абароны жыцця | Друк |
Іерархі
13.10.2014 22:57

Падчас 11-й генеральнай кангрэгацыі, у межах дыскусіі пасля даклада кардынала Петэра Эрдо, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу ў сваім ужо чацвёртым выступленні на Сінодзе на неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з рознымі хрысціянскімі канфесіямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, дзе вучэнне пра сям’ю вельмі блізкае да каталіцкага.

Як перадае спецыяльны карэспандэнт Catholic.by з Рыма, арцыбіскуп зазначыў, што Праваслаўная Царква раздзяляе заклапочанасць Касцёла праблемай сям’і.

Як прыклад міжканфесійнага супрацоўніцтва беларускі іерарх прывёў сітуацыю ў Беларусі. Паводле яго слоў, зусім нядаўна ў краіне можна было зрабіць аборт па 12 матывах. Аднак пасля калектыўнага звароту праваслаўных, католікаў, пратэстантаў і грамадскіх арганізацый адпаведны закон быў зменены і спіс прычын, які дазваляў рабіць аборт, быў скарочаны да трох. «Гэта агульная перамога», — заключыў арцыпастыр.

Падчас перапынку на каву Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч праходзіў недалёка ад Пантыфіка і той падзякаваў беларускаму арцыбіскупу за выступленне, падкрэсліўшы важнасць сумеснага хрысціянскага сведчання і выкарыстання хрысціянскага патэнцыялу для вырашэння праблем сям’і і абароны жыцця.

Таксама ў панядзелак прайшла сустрэча беларускага арцыпастыра з Дзяржаўным сакратаром Святога Пасаду кардыналам Пьетро Паралінам. Іерархі абмеркавалі сітуацыю ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, а таксама шляхі яе далейшага развіцця.

(DN)

 
© 2003-2024 Catholic.by