У межах візіту на Мальту арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстасці ў гонар св. Маргарыты Антыяхійскай | Друк |
Іерархі
20.07.2014 19:24

20 ліпеня ў межах візіту на Мальту Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў галоўныя ўрачыстасці ў гонар св. Маргарыты Антыяхійскай. Іерарх прыбыў на Мальту для ўдзелу ва ўрачыстасцях, прысвечаных 1710-годдзю з часу мучаніцкай смерці св. Маргарыты Антыяхійскай, у аднайменнай парафіі ў г. Саннат на востраве Гозо.

У гаміліі арцыпастыр найперш прадставіў зямны шлях святой, якая нарадзілася ў сям’і паганскага святара, аднак потым прыняла хрысціянства і склала абяцанні духоўнай чысціні. Сваю руку ёй прапанаваў багаты губернатар Усходняй Рымскай правінцыі. Пры гэтым ён патрабаваў ад Маргарыты адрачыся хрысціянства. Яна не згадзілася і была кінута ў вязніцу, дзе шмат цярпела. Яе хацелі спаліць, але агонь не спаліў яе. Потым яе звязанай кінулі ў кацёл з кіпячай вадай, аднак пасля яе малітвы вяроўкі, якімі яна была звязана, развязаліся і яна выйшла з катла не закранутай. Таксама ёй з’явіўся д’ябал у вобразе дракона, які хацеў яе праглынуць, аднак крыжом, які трымала ў руцэ, яна змагла абараніцца. Нарэшце святую абезгаловілі.
 
Святая Маргарыта Антыяхійская ўшаноўваецца як у заходнім, так і ва ўсходнім хрысціянстве. У Каталіцкім Касцёле яна ўспамінаецца 21 ліпеня, у Праваслаўнай Царкве – 17 ліпеня.

Кажучы пра мучаніцтва святой Маргарыты, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра тое, што сёння хрысціянства таксама становіцца той рэлігіяй, якую найбольш пераследуюць. Іерарх нагадаў, што ў мінулым годзе ў свеце загінула больш за 100 тысяч хрысціян. Існуе, дадаў арцыбіскуп, таксама і маральны пераслед, калі прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы.

Арцыпастыр звярнуў увагу на крызіс сям’і, Божага дару жыцця, амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі, праблему спажывецтва, якая вядзе да абагаўлення рэчаў і залежнасці ад іх, негатыўны ўплыў ліберальных медыя на выхаванне чалавека, лібералізму, які абмяжоўвае рэлігію да прыватнай сферы жыцця, пераслед і дыскрымінацыю хрысціянства. “Гэтыя выклікі нашага часу – не што іншае, як дыктатура маральнага рэлятывізму і дзеянне злога духа, - адзначыў іерарх. - У барацьбе з ім прыкладам нам павінна служыць святая Маргарыта Антыяхійская, якія перамагла яго моцаю крыжа Хрыста. Езус заўсёды з намі, толькі неабходна адкрыцца на Яго дзеянне”.

Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, што ў перакладзе з грэчаскай мовы “Маргарыта азначае “пярліна”. “Святая Маргарыта была каштоўнай хрысціянскай пярлінай, бо жыла паводле Божага закону і даверылася Хрысту”, - сказаў арцыбіскуп.

Тэкст гаміліі на англійскай мове>>>

Беларускі іерарх пажадаў мальтыйскім вернікам па прыкладу іх апякункі быць каштоўнымі пярлінамі хрысціянскага жыцця, бараніць хрысціянскую веру і быць яе сведкамі.

Гэта другі візіт арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў дадзеную парафію: першы адбыўся ў 2004 г., калі Мітрапаліт узначаліў юбілейныя ўрачыстасці 1700-годдзя нараджэння для неба Маргарыты Антыяхійскай - святой, якая вельмі папулярная на Мальце.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by