Біскуп Сандамірскі Кшыштаф Ніткевіч: Важна, каб плюралізм не адбіраў моцы, яснасці ў перадачы Евангелля | Друк |
Іерархі
05.06.2014 09:26

“Касцёл павінен заставацца верным сваёй місіі: падтрымліваць, дапамагаць, абараняць рэлігійную свабоду, але адначасова быць верным сваёй ідэнтычнасці”, - падзяліўся ў размове з Catholic.by біскуп Сандамірскі Кшыштаф Ніткевіч, старшыня Рады па справах экуменізму ў епіскапаце Польшчы.  Іерарх знаходзіцца сярод удзельнікаў ІV Праваслаўна-Каталіцкага Форума “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскіх Цэрквам у Еўропе”, які праходзіць у Мінску.

Рэлігійны і культурны плюралізм у Еўропе, па словах біскупа, “з’яўляецца фактам” і “вынікае з самой прыроды хрысціянства, якое развівалася ў канкрэтных геаграфічных і гістарычных абставінах”. “Гаворка ідзе пра тое, каб гэты плюралізм ні ў якім разе не адбіраў моцы, сілы, яснасці ў перадачы Евангелля”, - падкрэсліў іерарх.

На першым месцы, як адзначыў біскуп, “павінен заўсёды быць Хрыстус і Яго Евангелле”, а “інкультурацыя – гэта нібы пацвярджэнне таго, што Евангелле пранікае ва ўсялякую прастору, дзе жыве чалавек, і надае ёй боскасць”.

“Падчас гэтага Форума мы размаўляем і спыняемся на тым, якім чынам гэты плюралізм можа нас злучыць, а не падзяляць; якім чынам гэты плюралізм можа функцыянаваць у Еўропе, у адносінах да дзяржавы, - дадаў біскуп. - У гэтыя дні было ўжо шматразова зазначана, што Цэрквы ўдзельнічаюць у розных еўрапейскіх праектах, але не могуць не заўважаць секулярызму, які праз некаторыя з гэтых праектаў якімсьці чынам распаўсюджваецца ў Еўропе. Таму Касцёл павінен заставацца верным сваёй місіі: падтрымліваць, дапамагаць, абараняць рэлігійную свабоду, але адначасова быць верным сваёй ідэнтычнасці”.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by