Арцыбіскуп Гранадскі Хав’ер Марцінес пра Беларусь: Вельмі выразна бачна, што мы ў хрысціянскай краіне | Друк |
Іерархі
04.06.2014 19:41

“Я з самага пачатку адчуў тут сябе як дома. І перш за ўсё вельмі выразна можна бачыць, што мы знаходзімся ў хрысціянскай краіне”, - так ахарактарызаваў сваё прабыванне ў Беларусі арцыбіскуп Гранадскі Хав’ер Марцінес (Іспанія). Іерарх, які ўдзельнічае ў ІV Каталіцка-Праваслаўным Форуме «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскіх Цэрквам у Еўропе», расказаў Catholic.by пра жыццё Касцёла ў Іспаніі і падзяліўся ўражаннямі ад знаходжання ў Мінску.

Арцыбіскуп распавёў, што Гранада – старажытны цэнтр хрысціянства, дзе адбываліся самыя першыя Саборы Касцёла. У прыватнасці, у 304 г. там праходзіў Эльвірскі сабор, у якім прынялі ўдзел 80 біскупаў. Пасля, у VII стагоддзі, Іспанія была заваявана мусульманамі, і толькі ў ХІV стагоддзі Касцёл там аднавіў сваё становішча.

Іерарх адзначыў, што ў Іспаніі “цудоўныя гарады”, а Касцёл у гэтай краіне мае шмат традыцый – напрыклад, Вялікага тыдня, калі прыблізна 40 тысяч чалавек прымаюць удзел ва ўрачыстых працэсіях на вуліцах. Гранада, па словах арцыбіскупа, трэці горад па колькасці насельніцтва і па значнасці ў краіне. Таксама там знаходзіцца вядомы ўніверсітэт. Іерарх расказаў, што кожны год каля двух мільёнаў турыстаў наведваюць Гранаду, і там “увесь час вельмі шмат людзей” – яны зацікаўлены ў тым, каб наведаць мясцовую мусульманскую адметнасць, Альгамбру, але і каб убачыць усю прыгажосць самога горада.

“У Каталіцкім Касцёле ў маім горадзе большасць моладзі, таму што гэта ўніверсітэцкі горад”, - падзяліўся арцыбіскуп. Іерарх дадаў, што вялікі ўплыў на моладзь у Гранадзе аказвае, канешне, і навакольная атмасфера – “на жаль, не ў лепшым сэнсе”.

Кажучы пра сваё прабыванне ў Беларусі, арцыбіскуп прызнаўся, што “з самага пачатку адчуў тут сябе як дома”. “Была праяўлена такая вялікая гасціннасць з боку людзей, - дадаў іерарх. - І перш за ўсё вельмі выразна можна бачыць, што мы знаходзімся ў хрысціянскай краіне. Хоць у нас няма магчымасці пабачыць шмат, угледзецца ў глыбіню жыцця людзей гэтай краіны, але з малых рэчаў складваецца агульнае ўражанне, што мы як быццам дома”.

“Тут я звяртаю ўвагу на зносіны людзей паміж сабой, і бачна, што гэтыя зносіны – не фармальныя, але яны ідуць з глыбіні сэрца, - выказаў свае ўражанні іерарх. – І гэта - сапраўдныя чалавечыя зносіны, гэта цудоўна”. “І ваш горад таксама цудоўны. Але людзі заўсёды больш цудоўныя, чым гарады як структуры”, - дадаў арцыбіскуп Гранадскі.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by