Заклік біскупа Антонія Дзям’янкі да малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця | Друк |
Іерархі
29.05.2014 15:46

да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

І сказаў ім [Езус]: “Ідзіце за Мной,
і Я зраблю вас рыбакамі людзей”.
Мц 4, 19


Дарагія дыяцэзіяне!
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Год 2014 у Пінскай дыяцэзіі мае незвычайнае вымярэнне ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, першага кардынала ў Беларусі. З гэтай нагоды ўзгадваем таксама слаўную памяць святароў, аднагодкаў кардынала, якія з ім працавалі. Гэта кс. Ежы Росяк і кс. прэлат Люцыян Хмялёвец. Дзякуем Пану Богу за  гэтых душпастыраў, якія нашым продкам дапамаглі захаваць веру ў складаныя часы атэізму. У многім дзякуючы ім мы сёння маем новыя пакаленні веруючых, якія клапоцяцца аб аднаўленні ранейшых парафій, а таксама засноўваюць новыя парафіяльныя супольнасці, будуюць святыні ў новых раёнах і гарадах, куды ім прыйшлося пераехаць у сувязі са зменай месца працы ці жыхарства.

Аднак, нягледзячы на аднаўленне Касцёла і прыбыццё новых святароў, Пінская дыяцэзія далей перажывае недахоп у душпастырах. Многія парафіяльныя супольнасці ніяк не могуць дачакацца, каб мець свайго пробашча. А некаторыя парафіі апошнім часам зноў застаюцца без пастаяннага душпастыра. Так у гэтым годзе ў нашай дыяцэзіі зменшылася колькасць святароў. Прычыны былі розныя. Памёр кс. Генрык Тэлеман. Але былі і іншыя прычыны. У выніку  парафіі засталіся без пробашчаў і пастаяннай душпастырскай апекі. Таму заклікаю вас да асаблівай малітвы аб пакліканнях да святарства сярод мужчынскай моладзі. У размовах з маладымі людзьмі абуджайце ў іх мужнасць смела адказаць Богу “так”, каб яны адважыліся прысвяціць сваё жыццё святарскаму і манаскаму служэнню ў Касцёле.

Пан Бог заўсёды выбірае для служэння адпаведных асобаў, а мы як вернікі павінны малітвай, добрым словам, пабожным жыццём і чым толькі можна дапамагчы гэтым выбраным верна пайсці за голасам Хрыстовага паклікання. Прысылайце сваіх сыноў, унукаў і плямяннікаў на міністранцкія, моладзевыя сустрэчы і рэкалекцыі. Ведаем таксама, што Пан Езус кліча не толькі моладзь. Часам і ў сталым узросце Ён абуджае жаданне пайсці шляхам святарства або манаскага служэння.

Кожнае пакліканне да Божай службы пачынаецца з паклікання да жыцця, пачынаецца з сям’і, адкрытай на дар дзіцяці. Таму асаблівай надзеяй на ўзнікненне новых святарскіх пакліканняў з’яўляюцца сем'і, адкрытыя на шматдзетнасць. У сувязі з гэтым заклікаю кожнае маладое сужэнства нашай дыяцэзіі, каб адкрыліся на Божы дар новага жыцця і прынялі яго з вялікай любоўю. Верым, што сярод дзяцей з нашых сем’яў добры Бог пакліча кагосьці на шлях святарства. Ведаем таксама пра тое, што Божы Провід мае свае шляхі і часам кліча сваіх слугаў з самых розных асяроддзяў і грамадскіх груп. Пан кліча да сябе чалавека часам зусім дзівосным па людскіх мерках спосабам. Будзем жа адкрытыя на подых Духа Святога.   

Умілаваныя браты і сёстры, заахвочваю вас узнесці да Пана супольнае маленне аб дары пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. Хачу даверыць гэтую справу асабліваму заступніцтву святых Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ, кананізацыю якіх мы перажывалі ў другую велікодную нядзелю. Таксама давяраю гэтую справу Слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму, які таксама клапаціўся аб пакліканнях да Божай службы з нашай дыяцэзіі. Няхай жа шматлікія маладыя людзі шырока адкрыюць свае сэрцы і адгукнуцца на заклік Хрыста: “Ідзі за Мною” (пар. Мц 9, 9). Няхай кожная парафія і кожная мясцовасць атрымае пастаяннага душпастыра, а гэты год, прысвечаны памяці вялікіх душпастыраў нашай зямлі, стане для нас часам асаблівай малітвы аб пакліканнях да служэння ў Касцёле.

З пастырскім благаслаўленнем

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 24 мая 2014 г.

Шаноўныя душпастыры няхай прачытаюць цалкам або выкарыстаюць фрагменты гэтага звароту да вернікаў падчас святой Імшы ў бліжэйшую нядзелю. Таксама няхай заахвоцяць юнакоў прыняць удзел у рэкалекцыях з 28 па 31 ліпеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і абвесцяць, што пасля рэкалецый 1 жніўня адбудзецца ўступны экзамен у семінарыю.  


 
© 2003-2024 Catholic.by