Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся са старшынёй Мінскага аблвыканкама | Друк |
Іерархі
11.03.2014 14:09

11 сакавіка адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваны шляхі развіцця сумеснага супрацоўніцтва ў галіне дабрачыннасці. “У дабрачыннасці на першае месца мы ставім чалавека, а не яго рэлігійныя погляды”, - адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Суразмоўцы пастанавілі і далей развіваць прыязныя адносіны, якія склаліся ў сумесным служэнні беларускаму грамадству.

Вядома, што Моладзевая місія “Чыстае сэрца” як адміністрацыйная адзінка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўжо цесна супрацоўнічае з Упраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама, праводзячы сумесныя дабрачынныя мерапрыемствы.

У размове таксама было абмеркавана агульнае становішча Каталіцкага Касцёла ў Мінскай вобласці: будаўніцтва новых касцёлаў, захаванне гістарычных каштоўнасцяў і інш.

Мітрапаліт падзякаваў за дапамогу, якую аказвае аблвыканкам у справе рэстаўрацыі святыняў, асабліва Будслаўскага санктуарыя і касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Іерарх запрасіў губернатара на сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе, якія пройдуць традыцыйна ў першую пятніцу і суботу ліпеня.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by