Слова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на Імшу развітання з Рыгорам Барадуліным | Друк |
Іерархі
04.03.2014 14:53

«Веру, што беларусы, якія разам з іншымі святымі жывуць у ззянні Божага святла, выйдуць яму насустрач, каб падвесці яго да Бога. І, быць можа,  Бог прывітае яго ў сваім доме простымі словамі, якімі беларускае сэрца вітае гасцей: “Калі ласка, Рыгор”», - такія словы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці скіраваў на Імшу развітання з Рыгорам Барадуліным, якая прайшла 4 сакавіка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены. Народны паэт Беларусі адышоў у вечнасць 2 сакавіка.

a

У той момант, калі Касцёл аддае апошнюю зямную пашану вялікаму паэту, давяраючы яго міласэрнай любові Бога, прагну і я маліцца разам з вамі.

Глыбокае і тонкае мастацтва Рыгора Барадуліна - гэта голас маўклівай душы беларускага народа. У ім паэзія і духоўнасць яднаюцца ў моцных абдымках. Таму нерухомае маўчанне ягонага нежывога цела можа ўспрымаць як апошні жэст творчасці гэтага хрысціяніна і паэта.

Мова - гэта інструмент, якім карыстаецца Бог, каб размаўляць з народам. Таму яна святая і вартая, каб яе шанавалі і любілі, як маці. На гэтым інструменце Рыгор Барадулін умеў выконваць дзівосныя мелодыі і дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь прыгажосці.  

Барадулін хацеў таксама, каб шляхетныя паэты іншых культур маглі паўтарыць свае спевы на беларускай мове. Разам з іншымі незвычайнымі аўтарамі ён прычыніўся да перакладу “Рымскага Трыпціха” Яна Паўла ІІ, якога крыху больш чым праз месяц Каталіцкі Касцёл абвесціць святым.

Веру, што беларусы, якія разам з іншымі святымі жывуць у ззянні Божага святла, выйдуць яму насустрач, каб падвесці яго да Бога. І, быць можа,  Бог прывітае яго ў сваім доме простымі словамі, якімі беларускае сэрца вітае гасцей: “Калі ласка, Рыгор”.

Дарагія беларусы, любіце вашых мастакоў - вялікіх і шматлікіх. Яны вучаць вас уздымаць свае вочы ўгору, да Бога надзеі, да жыватворнага сонца, якое ззяе ў вашым вечна прывабным небе, абуджаючы ў вас сілы да штодзённага ўваскрасення.

Божа, благаславі Беларусь і яе народ, з яго даверлівай мовай і пяшчотнымі спевамі.

 
© 2003-2024 Catholic.by