Аплаткавая сустрэча прайшла ў Шчучыне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.12.2016 13:25

17 снежня ў кляштары айцоў піяраў у Шчучыне прайшла аплаткавая сустрэча для міністрантаў, харыстаў і іх бацькоў. У сустрэчы прынялі ўдзел звыш 120 чалавек.

На пачатку ўсе сабраліся ў парафіяльнай святыні на супольную малітву Вяночкам Дванаццаці Зорак, якую некалі склаў св. Юзаф Каласанс — апякун літургічнай службы алтара і моладзевага хору «Calasanz». У гэтым кароткім набажэнстве дзеці і іх бацькі прасілі Бога аб міры, адзінстве і радасці ў сваіх сем’ях.

Наступнай, а адначасова і вельмі прыгожай часткай сустрэчы стала дзяленне аплаткай і складанне святочных віншаванняў.

Быў прысутны на гэтым вечары і святы Мікалай, які, як і заўсёды, прыйшоў не з пустым мехам, а са смачнымі падарункамі.

Падсумаваннем сустрэчы стала малітва, спеў традыцыйных калядак, а таксама віншаванні пробашча шчучынскай парафіі а. Вітальда Пяцельчыца SP.

а. Віталій Слука SP
Фота Андрэя Арціша і Таццяны Саўк
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by