Члены Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі здзейснілі пілігрымку ў Вільнюс | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.10.2016 16:55

16 кастрычніка члены Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі здзейснілі пілігрымку ў Вільнюс да цудадзейнага абраза Езуса Міласэрнага, вобраз якога быў напісаны ў адпаведнасці з указаннямі самога Хрыста.

У Юбілейны Год Міласэрнасці душпастырства паставіла мэтай наведаць некалькі месцаў, звязаных з культам Божай Міласэрнасці. У ліпені яго члены пабывалі ў парафіі Новая Руда, дзе ў 1956-1986 гг. захоўваўся арыгінал абраза Езуса Міласэрнага. У сваю чаргу ў лістападзе вернікі плануюць здзейсніць пілігрымку ў кракаўскія Лагеўнікі.

У пілігрымцы ў Вільнюс на чале з кіраўніком душпастырства Генрыхам Качынскім прынялі ўдзел працаўнікі чыгункі з Парэчча, Гродна, Брузгоў. У Вільнюсе яны ўдзельнічалі ў Імшы ў касцёле Святога Духа, дзе да моманту прызначэння біскупам быў пробашчам цяперашні біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.



У гаміліі пробашч віленскай парафіі кс. Тадэвуш Ясінскі адзначыў, што на Імшы прысутнічаюць вернікі з Беларусі, падзякаваў ім за сведчанне веры, прыхільнасць да традыцыі, працу пілігрымавання i зацікаўленасць гісторыяй віленскіх земляў.

Удзельнікі паломніцтва памаліліся каля абраза Езуса Міласэрнага, наведалі Вострую Браму, дзе даверылі Божаму Провіду сябе і свае сем'і. Пасля члены Душпастырства чыгуначнікаў мелі час, каб пазнаёміцца са славутымі мясцінамі горада: Прэзідэнцкім палацам, універсітэтам, катэдрай св. Станіслава, замкам літоўскіх князёў, капліцай св. Казіміра і іншымі месцамі.



Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у парафіі ў Парэччы, дзе ў той час быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.

Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 
© 2003-2024 Catholic.by