Гродзенская парафія Святога Духа запрашае дзяцей і моладзь на парафіяльнае свята | Друк |
Анонсы
28.09.2016 12:26

2 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбудзецца парафіяльнае свята «І да танца, і да ружанца».

Пробашч маладой парафіі кс. Павел Салабуда ў размове з Catholic.by адзначыў, што свята адмыслова пройдзе ў пачатку кастрычніка, калі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца месяц ружанцовай малітвы.

«У першую чаргу мы хочам заахвоціць да ўдзелу дзяцей і моладзь, — дадае святар. — Наша парафія маладая, але вельмі творчая і актыўная, таму і праграма свята будзе незвычайнай. Напрыклад, мы запусцім у неба балонікі, надзьмутыя геліем і звязаныя ў форме ружанца. Таксама адбудзецца прагляд кароткаметражнага фільма пра фацімскія аб’яўленні Марыі».

Праграма свята:

  • 15.00 — малітва ў капліцы
  • 15.15 — відэаблог Марыі (фільм пра аб’яўленні Панны Марыі ў Фаціме)
  • 15.25 — запуск балонікавага ружанца ў «космас»
  • 15.30 — гульні і танцы
  • 16.00 — салодкі стол
  • 16.45 — спеў дзіцячага хору «Анёлы»
  • 17.00 — канцэрт гурта «OPEN»

Парафія Святога Духа ў новым гродзенскім мікрараёне Альшанка была створана ў 2012 г. У парафіі налічваецца каля 2 500 вернікаў. Асвячэнне парафіяльнай капліцы прайшло 20 снежня 2015 года.

Ілья Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by